МІНСК, 2 мая — Sputnik. Цэнтральным мерапрыемствам у Мінску падчас святкавання Дня Перамогі стане цырымонія ўскладання вянкоў да абеліска на плошчы Перамогі, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў аўторак першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга.
"Галоўным мерапрыемствам стане цырымонія ўскладання вянкоў і кветак на плошчы Перамогі, яна пачнецца 9 мая а 12-й гадзіне. У рамках акцыі "Беларусь памятае" ўдзельнікі мерапрыемства выйдуць з партрэтамі ветэранаў вайны", — сказала Дрыга.
З яе слоў, завершыцца мерапрыемства масавым выкананнем песні "Плошча Перамогі", а ўвечары пройдзе святочны канцэрт. "У яго фінале ўпершыню адбудзецца 3D-шоу", — сказала яна.
Дрыга таксама распавяла, што 6 мая ў Палацы Рэспублікі пройдзе ўрачысты сход і канцэрт "Беларускі вакзал". З яе слоў, гэта будзе маштабнае музычна-тэатралізаванае прадстаўленне.
Пра сцяг
У сваю чаргу начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімір Макараў паведаміў, што 4 мая ў Дзяржаўным музеі ваеннай гісторыі ў межах праекта "Мы перамаглі" будзе выстаўлены штурмавы сцяг, які ў маі 1945 года ўзнялі над Рэйхстагам у Берліне. "Потым гэты сцяг будзе выстаўлены ў Маскве на ВДНГ", — сказаў Макараў.
Ён таксама паведаміў, што напярэдадні 9 мая пройдзе ўрачысты сход, на якім з дакладам выступіць міністр абароны Андрэй Раўкоў. У мерапрыемствах 9 мая на плошчы Перамогі прымуць удзел ваеннаслужачыя роты ганаровай варты, Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных сіл.
Пра салют
Са слоў Макарава, 9 мая ў Мінску, Крэпасці-героі Брэсце, Віцебску, Магілёве, Гомелі і Гродне будуць дадзены святочныя салюты.
Як паведаміў першы намеснік ваеннага камісара Мінска Сяргей Іваноў, у Мінску салют будзе дадзены 30 залпамі, яго пачатак запланаваны на 23:00. Са слоў Іванова, першая кропка — гэта раён плошчы Перамогі (у парку імя Горкага і ў парку Янкі Купалы); другая — каля стэлы "Мінск — горад-герой" на пляцоўцы перад Камсамольскім возерам; трэцяя — раён аэрапорта Мінск-1; чацвёртая — раён вёскі Зацань, паблізу вадасховішча Дразды; пятая — мікрараён Уручча на тэрыторыі 120-й брыгады Мінабароны Беларусі.