МІНСК, 3 мая — Sputnik. Праз прыкладанне можна змагацца з катастрофамі, карупцыяй і тэрарыстычнымі суполкамі, заключаць гандлёвыя і абарончыя пагадненні з іншымі краінамі, змяняць кіраўнікоў галоўных міністэрстваў.
Украінскія распрацоўшчыкі вынайшлі прыкладанне для Android з шэрагам "сімулятараў краін", сярод якіх знайшлося месца і для Беларусі. У апісанні да прыкладання распавядаецца, што карыстальнік будзе мець магчымасць правесці вайсковыя вучэнні, забяспечыць бяспеку, павялічыць тэрыторыю краіны праз захоп суседніх тэрыторый.
Аднак не ўсім беларусам забаўка прыйшлася да спадобы. Больш за ўсё беларусы абураныя назвай "Симулятор Белоруссии" і памылкамі ў суправаджальным тэксце. Адразу ў некалькіх водгуках карыстальнікі адзначылі, што не паставяць адзнаку вышэй за адну зорку, пакуль "Белоруссия" не будзе выпраўлена на "Беларусь".
Што тычыцца станоўчых водгукаў, то каментатары прапануюць даць магчымасць кіраваць не толькі цэлай краінай, але і асобнымі рэгіёнамі і будаваць новыя гарады.