МІНСК, 5 мая — Sputnik. Перад пачаткам балета "Вітаўт" 17 мая будзе прадстаўлены праект, прысвечаны ўнікальнаму народнаму інструменту — беларускай дудзе, паведамілі ў Вялікім тэатры Беларусі.
Як распавялі ў тэатры, гледачы ўбачаць і пачуюць старадаўнія і рэканструяваныя інструменты з музея Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і асабістай калекцыі гісторыка, майстры і папулярызатара Аляксандра Сурбы.
"Калекцыя нашага музея стваралася на працягу 20-ці гадоў вядомым музыкам Уладзімірам Громам — вялікім энтузіястам і прафесійным майстрам музычных інструментаў. У экспазіцыі прадстаўлены народныя скрыпкі, мандаліны, калекцыя цымбалаў, гармонік, розных флейт, маецца шэраг унікальных духавых, шумавых інструментаў. Асобны стэнд прысвечаны дудзе — на ім прадстаўлены 19 інструментаў. Беларуская, эстонская, французская, балгарская дуды — гэта рэплікі, зробленыя мной у нашай невялікай майстэрні. Ёсць і арыгінальныя інструменты, у тым ліку шатландская дуда", — расказаў спецыяліст па беларускай дудзе.
На выставе ў Вялікім тэатры будуць прадстаўлены некалькі інструментаў з калекцыі музея, створаныя як рэканструкцыя інструмента па фатаграфіях, і самі фатаграфіі незахаваўшыхся старадаўніх інструментаў.
Аляксандр Сурба распавёў, што ў XIX стагоддзі беларуская дуда мела цалкам сфармаваны выгляд, які па гэты дзень не змяніўся. Грунтуючыся на беларускім фальклоры і традыцыйнай міфалагізаванай культуры, можна сказаць, што беларуская дуда значна старажытней, чым інструменты Заходняй Еўропы і шатландская дуда ў тым ліку. Але, на жаль, у сярэдзіне ХХ стагоддзя беларуская дуда практычна знікла з музычнай культуры і нідзе не згадвалася. Аднак сёння, дзякуючы намаганням захопленых людзей, інструмент перажывае свой рэнесанс — ужо існуе тры пакаленні майстроў, якія вывучаюць, аднаўляюць, удасканальваюць беларускую дуду.
Падчас прэзентацыі праекта будуць прадстаўлены некалькі інструментаў з калекцыі, іканаграфічныя і фатаграфічныя матэрыялы. Музыкі з фолк-гурта "Млын сонца" выканаюць кампазіцыі з дудой са свайго рэпертуару.