ГОМЕЛЬ, 6 мая — Sputnik. У Гомелі шэсце з партрэтамі салдат Вялікай Айчыннай вайны адбудзецца ў Дзень Перамогі на галоўнай гарадской вуліцы, да гэтага часу акцыя праводзілася напярэдадні свята і не ў цэнтры горада.
"Парад Пераможцаў" — гэта беларускі аналаг "Бессмяротнага палка" ў Расіі. Гамельчукі з партрэтамі сваіх дзядоў і прадзедаў ідуць у калоне, таму што шануюць іх подзвіг і лічаць шэсце адзіна верным спосабам "вярнуць іх у строй".
Фарміраваць калону пачнуць у 10 гадзін 9 мая на плошчы Паўстання. Шэсце па вуліцы Савецкай пачнецца ў 10:30 і скончыцца мітынгам ля Вечнага агню на плошчы Працы. Чакаецца, што ў калоне побач з ветэранамі будуць ісці прадстаўнікі абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў.
Гараджанам прапануюць прыйсці на парад з фотапартрэтамі сваіх сваякоў, якія ўдзельнічалі ў вайне. Летась акцыю падтрымалі 1000 чалавек. Са слоў арганізатараў, цікавасць да "Парада Пераможцаў" расце, з кожнай вясной да яго далучаецца ўсё больш удзельнікаў.
Пасля завяршэння шэсця усе жадаючыя змогуць агледзець ваенную тэхніку на галоўнай гарадской плошчы, пакаштаваць салдацкай кашы ля Музея ваеннай славы, а на цэнтральнай сцэне парку пачнецца канцэртна-музычная праграма, паведамляе гомельскі карэспандэнт Sputnik.