МІНСК, 7 мая — Sputnik. Рэзкае змяненне ўмоў надвор'я чакаецца ў панядзелак, 8 мая, у Беларусі, паведамілі Sputnik у нядзелю ў Гідрамеце.
Моцныя дажджы пройдуць ноччу і раніцай у многіх раёнах, а таксама ў сталіцы рэспублікі. Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі. Акрамя ападкаў, чакаецца і ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 метраў за секунду. Па паўднёвым усходзе краіны магчымыя навальніцы.
Аб пагаршэнні умоў надвор'я таксама паведамілі ў МНС Беларусі.
Тэмпература паветра ноччу складзе 2-9°C вышэй за нуль, днём чакаецца 4-11°C цяпла. Халоднае няўстойлівае надвор'е захаваецца на працягу ўсіх доўгіх выхадных: прагназуюцца ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу.
Аб надвор'і на 9 мая распавёў Sputnik начальнік службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
Ён адзначыў, што ў аўторак ноччу па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, а на астатняй тэрыторыі краіны і днём чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу.
"Ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы галалёд. Тэмпература ноччу ад 0..+6°C, пры праясненнях да —3°C, а днём +3..+10°C", — сказаў сіноптык.
У Мінску раніцай і днём кароткачасовыя ападкі — дождж, мокры снег, тэмпература на працягу дня +5..+7°C, удакладніў Рабаў.