Пахаванка. Аркуш паперы, які мусіць паставіць кропку ў гісторыі жыцця чалавека, даў пачатак незвычайным прыгодам, спалучыўшы лёсы некалькіх людзей, сярод якіх расіяне, беларусы, казахі… Больш за дзесяць гадоў сям'я расійскага журналіста Аляксандра Связіна не магла знайсці магілу забітага на вайне дзеда з Казахстана. А літаральна некалькі дзён таму дзякуючы расійскім і беларускім калегам удалося даведацца, пры якіх абставінах і дзе загінуў сваяк. Sputnik стаў сведкам гэтай падзеі.
Доўгі шлях у Расасну
Дзед Аляксандра Мікалай Васільевіч родам быў з Паўночнага Казахстана, там жа яго і прызвалі на фронт на пачатку вайны. Загінуў у 29 гадоў, пакінуўшы пасля сябе дваіх дзяцей. Сын — бацька Аляксандра — нарадзіўся напярэдадні Вялікай Айчыннай.
"Дзеда не стала 23 чэрвеня 1944 года. Загінуў ён у першы дзень беларускай наступальнай аперацыі "Баграціён", — распавядае Аляксандр.
У пахаванцы, што даслалі сям'і, значылася толькі тое, што пахаваны салдат на левым беразе Дняпра Віцебскай вобласці. Але рака вялікая, дзе шукаць магілу? Доўгі час гэтае пытанне заставалася для сям'і адкрытым, пакуль 11 гадоў таму ў інтэрнэце не знайшоўся дакумент: камандзір артылерыйскага ўзвода Мікалай Связін пахаваны ў адным кіламетры на паўночны захад ад вёскі Новая Тухінь Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Сталі ўдакладняць інфармацыю — атрымалі адказ, маўляў, такога населенага пункта няма. Праз час у сетцы з'явіліся алічбаваныя ваенныя дакументы. Паводле абасобленых дадзеных, сваяк быў перапахаваны ў вёсцы Рыленкі Дубровенскага раёна. Аднак у мясцовых спісах загінуўшых яго таксама не знайшлі.
Развівацца сітуацыя стала вясной гэтага года, калі пра гісторыю Аляксандра даведаўся ягоны сябра.
"Мы з Сашам раней працавалі разам, а цяпер сябруем у "Фэйсбуку". Недзе ў сярэдзіне красавіка я ўбачыў у яго на старонцы фатаграфію чырвонаармейца. А паколькі я займаюся ваенным пошукам, то звярнуў увагу. Па фота было зразумела: чалавек ваяваў у Вялікую Айчынную. Ромбік на пятлічцы — значыць, малодшы лейтэнант. І яшчэ я заўважыў, што ён вельмі падобны на Сашу", — кажа Валерый Фралоў.
Пад здымкам Аляксандр напісаў: гэта яго дзед, аб месцы пахавання якога амаль нічога не вядома. І размясціў усю інфармацыю, што ведаў. Фралоў, нічога яму не кажучы, вырашыў паспрабаваць пашукаць.
"Пацвердзілася, што вёска Новая Тухінь насамрэч існуе. Праўда, тады я не звярнуў увагі, што яна знаходзіцца на правым беразе Дняпра, а магіла на левым. Прабіў, што служыў Связін у 220-й стралковай дывізіі. Знайшліся баявыя данясенні яго вайсковай часткі, у тым ліку і тыя, што былі ў дзень смерці чырвонаармейца", — прыгадвае суразмоўца.
Фралоў ужо прыкладна ўяўляў, дзе магла размяшчацца артылерыя. Адзінае — пасля вайны былі зроблены перапахаванні. Трэба было даведацца, дзе цяпер спачываюць рэшткі.
"З Новай Тухіні было перапахаванне ў Рыленках. Там вялікі мемарыял — каля 9 тысяч чалавек пахавана. Я перагартаў усе прозвішчы, але Связіна сярод іх не знайшоў. І тут я ўцяміў: як магло стацца, што ён пахаваны на адным беразе, а мемарыял знаходзіцца на іншым? Не будуць жа людзі на лодках перавозіць астанкі", — працягвае Фралоў.
Пошукавік разумеў: не хапае маленькай дэталі. Магчыма, падчас перапахвання была дапушчана памылка. Ён напісаў запыт ва Упраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных сіл Мінабароны Беларусі. Праз два дні прыйшоў адказ. У лісце даслалі фота пахавання Связіна — брацкай магілы ў вёсцы Расасна Дубровенскага раёна — і нават магільнай пліты, на якой значыцца яго прозвішча!
"Я паведаміў аб гэтым Сашы. Ён, вядома, быў у шоку", — кажа суразмоўца.
Лупілі тры гадзіны
Пасля да пошуку падключыўся беларускі калега Аляксандра. Ён дапамог выйсці на Аляксея Гаўруцікава з Дубровенскага раёна.
За 23 гады гэты пошукавік выявіў 17 тысяч імёнаў загінулых у баях за вызваленне раёна. Падчас сустрэчы, што адбылася днямі, Гаўруцікаў паведаміў: у яго атрымалася выявіць, што дзед расіяніна быў пахаваны ў магіле №67 у адным кіламетры паўднёва-захаднее ад Новай Тухіні. У 44-м там была паляна паміж вёскамі Расасна і Холаўе. А цяпер стаіць гушчар.
У дзень, калі загінуў Мікалай Васільевіч, вялася наступальная аперацыя "Баграціён" у кірунку Оршы. Баі былі жорсткія. Як адзначаў генерал-маёр Глазуноў у сваіх успамінах пасля, падобныя яны былі на сталінградскія.
"У дзень смерці Связіна ішла артылерыйская падрыхтоўка. Лупілі тры гадзіны. Пішуць, што за гэты час выпусцілі чатыры тысячы снарадаў. Немцы як з-пад зямлі павылазілі. У атаку можна было не хадзіць", — распавядаў пошукавік.
Але і гераізм быў масавы. За бясстрашныя подзвігі, здзейсненыя на працягу дзевяці месяцаў пад Оршай, дзевяць чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.
Перапахаванне астанкаў з санітарных могілак, у якіх спехам хавалі загінулых, часам нават пад агнём праціўніка, пачалі праводзіць яшчэ ў 44-м годзе, адразу пасля вызвалення. Атрымалася ўсталяваць, што Мікалай Связін быў пахаваны на лясной паляне паблізу Дняпра разам з іншымі загінулымі. З гэтага пахавання астанкі байцоў перанеслі ў бліжэйшую вёску Расасна.
Аляксандр упершыню пабываў на месцы, дзе ваяваў і быў пахаваны яго продак. Ён прывёз на брацкую магілу кветкі, каб ушанаваць памяць дзеда.
"Я доўга не мог зразумець, куды ж пакласці гваздзікі. Вочы разбегліся ад хвалявання і колькасці прозвішчаў на таблічках. Валерый Фралоў падказаў: "Вунь справа прозвішча твайго дзеда", — кажа Аляксандр.
У мінулым гэта былі дывізійныя могілкі, размешчаныя побач з невялікай рэчкай, берагі якой да гэтага часу зрытыя варанкамі снарадаў.
"Цалкам дакладна гэтую рэчку фарсіраваў дзед Аляксандра", — паказаў уздоўж берага Гаўруцікаў. У адным кіламетры адсюль ён і загінуў у баі.
Аднак, адзначыў пошукавік, сказаць дакладна, ці было зроблена поўнае перапахаванне астанкаў, цяпер нельга. З 1943 года адмянілі абавязковае нашэнне імянных медальёнаў, па якіх можна было б апазнаць чалавека. Ды і некаторыя навогул ніколі іх не насілі. Былі забабоны, нібы медальён прыцягвае смерць.
Акрамя таго, трэба ўлічваць умовы, у якіх адбываліся пахаванні.
"Перапахаваннем займаліся мясцовыя жыхары, як правіла, жанчыны. Прычым зямля была знявечына варонкамі і траншэямі, а некаторыя ўчасткі былі замінаваныя. Таму не ўсіх загінулых была магчымасць даставіць да брацкай магілы", — удакладніў спецыяліст.
Памылка выйшла
Такіх гісторый, як у Аляксандра, калі людзі шукаюць магілы загінулых падчас вайны сваякоў, сотні, заўважае Аляксей Гаўруцікаў. Усё таму, што хавалі іх у вельмі складаных умовах. У сувязі з чым у дакументы былі занесены прозвішчы салдат з памылкамі.
"Захаваліся данясенні, якія запаўнялі на поле бою. У іх імёны напісаныя неразборлівым почыркам. Некаторыя з іх маюць сляды ад асколкаў снарадаў. У ваеннай частцы як разабралі прозвішча, так і запісалі, ды і многія служачыя непісьменныя былі. Таму сёння сваякі шукаюць месца пахавання загінулага па прозвішчы і не могуць знайсці", — адзначае суразмоўца.
Памылкі былі перанесены і на магільныя пліты брацкіх магіл. У Рыленках амаль палова прозвішчаў пахаваных салдат скажоная.
Можна сказаць, што пошук загінулых і зніклых без звестак цяпер толькі пачынаецца.
Згодна з рассакрэчанымі дадзенымі Дзяржплана СССР, страты Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне склалі 41 мільён 979 тысяч, а не 27 мільёнаў, як лічылася раней. А гэта амаль трэць цяперашняга насельніцтва Расіі. Агульная змяншэнне насельніцтва СССР за 1941-45 гады — больш за 52 мільёнаў 812 тысяч чалавек. З іх беззваротныя страты падчас вайны — больш за 19 мільёнаў вайскоўцаў і каля 23 мільёнаў грамадзянскага насельніцтва. Прыведзеныя звесткі пацвярджаюцца вялікай колькасцю сапраўдных дакументаў, аўтарытэтных публікацый і сведчанняў, як паведамляецца на сайце КАД "Бессмяротны полк Расіі".
У Дубровенскім раёне, прыводзіць прыклад Гаўруцікаў, да 20-годдзя Перамогі афіцыйная колькасць загінулых складала 3145. Пасля таго, як прыслалі карткі, складзеныя па месцы прызыву, яно вырасла да 19015. А зараз гэта ўжо больш за 41 тысячы.
"Самі ваенныя хавалі рэальныя лічбы ад кіраўніцтва. Адны з-за страху невыканання загадаў, іншыя — каб атрымаць узнагароду", — дадаў суразмоўца.
Вялікую сумятню ўнеслі такія распараджэнні. У загадзе па 119 гвардзейскай дывізіі 34 стралкова-гвардзейскага палка гаворыцца: "На магілах, у якіх пахавана больш за 80 чалавек, надпісы рабіць толькі на 4-5 чалавек з даданнем "і іншыя".
Жывы сярод мёртвых
Да Аляксея Гаўруцікава звяртаюцца людзі з розных куткоў Беларусі, Расіі, Украіны. Прыязджаюць і немцы — у вёсцы Бурая Дубровенскага раёна былі нямецкія могілкі. Раней, заўважае суразмоўца, больш звярталіся муж'я і жонкі, браты і сёстры загінулых, цяпер — пляменнікі. Пакаленні мяняюцца.
"Адзін знайшоў магілу свайго дзядзькі ў Рыленках. Пабудаваў там капліцу. І штогод нязменна туды прыязджае", — распавядае пошукавік.
Вядома, не ўсім удаецца дапамагчы. Падчас паездкі ў Беларусь Валерый Фралоў выявіў памылку ў спісах загінулых. Напярэдадні ў Маскве ён выпадкова абмовіўся на працы, што шукае месца пахавання дзеда Аляксандра. Яго калега дзеля цікавасці папрасіў праверыць дадзеныя свайго сваяка, які вярнуўся з вайны жывым. Высветлілася, той знаходзіцца сярод загінулых і "пахаваны" непадалёк ад Мікалая Связіна. Ужо будучы на брацкай магіле ў Расасне, пошукавік знайшоў прозвішча гэтага чалавека на магільнай пліце. Жывы сярод мёртвых.
Тым, хто таксама шукае пахаванні сваіх сваякоў, Фралоў раіць:
- Пачынаць пошукі лепш на сайце ОБД "Мемарыял", дзе захоўваюцца алічбаваныя спісы беззваротных страт. Там, калі пашанцуе, можна адшукаць нават пахаванку і схему карты, дзе пахаваны чалавек. У графе пошуку прыйдзецца ўдакладніць прозвішча, імя, год нараджэння і воінскае званне.
- Калі чалавека не ўдаецца знайсці, магчыма, яго прозвішча сказілі ў дакументах. Паспрабуйце праверыць у базе ўсе магчымыя варыянты яго напісання.
- Калі сайт не дапамог, шукайце баявыя данясенні і аператыўныя зводкі ў вайсковай частцы, дзе служыў зніклы. Таксама шукайце інфармацыю аб людзях, якія знаходзяцца ў тым жа спісе загінулых. Магчыма, атрымаецца знайсці зачэпку.
Аляксандру Связіну пашанцавала — ён знайшоў магілу свайго дзеда-героя, гэта адбылося незадоўга да 9 Мая.
Брацкую магілу ў Расасне прыводзілі да парадку школьнікі. "Хутка Дзень Перамогі, сюды прыедуць сваякі загінулых салдат, і вы таксама цяпер прыязджайце", — запрасілі яны Аляксандра.