Мінскі трактарны завод крэатыўна падышоў да ўшанавання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны: каля цэнтральнай прахадной МТЗ трактары і аўтамабілі выстраіліся ў гіганцкія надпісы "ПЕРАМОГА" і "СА СВЯТАМ".
Пастраенне на плошчы заняло каля гадзіны. Роўна апоўначы вадзіцелі ўключылі блізкае святло фар і аварыйныя агні, а ўдзельнікі-пешаходы накіравалі ўверх ліхтарыкі. У відовішчным флэшмобе былі задзейнічаныя 160 аўтамабіляў і трактароў, а таксама 200 завадчан.
Гэта не адзіны падарунак МТЗ ветэранам, мінчанам і гасцям сталіцы: напярэдадні адразу сем духавых аркестраў з розных рэгіёнаў краіны сыгралі мелодыі ваенных гадоў на плошчы перад прадпрыемствам.