МІНСК, 8 мая — Sputnik. Абраная форма монаперфоманса дазваляе надаць дзее інтымны і сакральны характар, выкарыстаць нязвыклыя для класічнага твора прыёмы, стварыць асаблівы аўтарскі кантэкст, распавялі Sputnik у НЦСМ.
Ідэя паставіць неўміручую п'есу на новы лад у выкананні аднаго акцёра нарадзілася падчас семінару для тэатральных выкладчыкаў і рэжысёраў у Берліне, у даследчым цэнтры AKT-ZENT, пад кіраўніцтвам прафесара Юрыя Альшыца, распавялі арганізатары паказу.
Гледачу пакажуць пераасэнсаванне п'есы Антона Чэхава праз аднаго персанажа, аднаго актора, аднаго чалавека. Тэксты падчас перфомэнсу складаюцца ў асаблівыя шэрагі, ў бязгучныя чароды, ў маўклівыя рытуалы.
Страчанае.
Сад. Памяць. Гісторыя.
Сам-насам з адзінотай, з набытым садам, са страчаным лёсам.
Рэжысёрам і акторам пастаноўкі выступае Андрэй Саўчанка, музыка Аляксандра Вярцінскага.
Монаспектакль пакажуць у Мінску 24 мая ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3), пачатак а 19-й гадзіне.