МІНСК, 10 мая — Sputnik. Вынікі першага паўфіналу "Еўрабачання-2017" сталі вядомыя ў Кіеве — па яго выніках у фінал папулярнага шоу праходзяць дзесяць выканаўцаў і груп.
Першы паўфінал "Еўрабачання-2017" пачаўся ў аўторак у 22:00 па мінскім часе. Акрамя 18 канкурсантаў, выступіў на ім і ўкраінскі выканаўца Monatik з англамоўнай версіяй песні "Кружыць". Таксама ў першым паўфінале двойчы выступіла пераможца мінулага "Еўрабачання" Джамала.
Па выніках галасавання тэлегледачоў і членаў прафесійнага журы, з першага паўфіналу далей прайшлі дзесяць артыстаў. У спісе фіналістаў — Робін Бенгстан (Швецыя), Арцвік (Арменія), Сальвадор Сабрал (Паргугалія), Дыяна Гаджыева (Азербайджан), Demy (Грэцыя), Ісая Фірбрэйс (Аўстралія), SunStroke Project (Малдова), Hovig (Кіпр), Кася Мос (Польшча) і Blanche (Бельгія).
Пры гэтым відавочнымі фаварытамі першага паўфіналу былі адразу тры артыста: швед Робін Бенгстан (на фота), партугалец Сальвадор Сабрал і армянка Арцвік. Хто ж атрымаў больш за ўсё балаў у першым паўфінале, стане вядома толькі пасля фіналу — пасля абвяшчэння пераможцы "Еўрабачання" арганізатары назавуць і вынікі па паўфіналам.
За перамогу ў фінале, як чакаецца, сур'ёзная барацьба разгарыцца паміж партугальцам Сабралам, шведам Бенгстанам і італьянцам Франчэска Габані.
Беларускія ўдзельнікі NaviBand выступяць у другім паўфінале "Еўрабачання" 11 мая і таксама будуць змагацца за права выйсці ў фінал конкурсу. У другім паўфінале разам з Беларуссю павінна была ўдзельнічаць і расійская канкурсантка Юлія Самойлава, аднак СБУ забараніла ёй ўезд на тэрыторыю Украіны за наведванне Крыма. Еўрапейскі вяшчальны саюз спрабаваў урэгуляваць гэтае пытанне і называў падобныя крокі ўкраінскіх уладаў абуральнымі, аднак у Кіеве настаялі на сваім. У выніку расійскі "Першы канал" адмовіўся ад удзелу ў "Еўрабачанні-2017" і ад трансляцыі шоу.