МІНСК, 11 мая — Sputnik. Першы з 2008 года сольны канцэрт гурта "Крамбамбуля" адбудзецца 31 мая ў Мінску. У праграме "Піраты Камсамольскага возера" прагучаць лепшыя песні з усіх альбомаў калектыва, паведамілі арганізатары канцэрту.
"Некалькі год мы хадзілі па лясах. Потым перабраліся на азёрныя выспы — там нас дакладна ніхто не мог знайсці. Але вось адзін чалавек знайшоў і запрасіў зайграць канцэрт. Вырашылі пагадзіцца. А там будзе бачна", — гаворыцца у заяве гурта з гэтай нагоды на афіцыйнай старонцы ў Facebook.
Гурт "Крамбамбуля" быў заснаваны ў 2002 годзе як забаўляльны сайд-праект Лявона Вольскага. Калектыў вядомы па хітах "Абсэнт", "Госці", "Турысты", "Каб мы калі каму чаго". На рахунку "Крамбамбулі" шэсць студыйных альбомаў, апошні з якіх — "Чырвоны штраль" — выйшаў у 2015 годзе.
Сучасны склад: Лявон Вольскі (вакал, гітара), Павел Трыпуць (вакал, гітара), Павел Аракелян (вакал, саксафон), Андрэй Якубчык (вакал, труба), Алесь-Францішак Мышкевіч (вакал, бас-гітара), Павел Мамонаў (бубны).
Дзе: рэстарацыя-піваварня "Друзья".
Кошт квіткоў: 22-38 рублёў.
Калі: 31 мая ў 19:00