МІНСК, 12 мая — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ўрокі ў агульнаадукацыйных школах не павінны пачынацца раней за дзевяць гадзін раніцы.
У пятніцу, прымаючы кадравыя рашэнні, кіраўнік дзяржавы даручыў перагледзець графік працы школ. Гэтую тэму прэзідэнт закранаў і раней, у тым ліку падчас апошняга паслання парламенту і беларускаму народу.
"Нам трэба мяняць графік працы школ. Раней дзевяці гадзін урокі пачынаць не трэба", — сказаў прэзідэнт. Яго словы прыводзіць БелТА.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што некаторыя бацькі супраць больш позняга пачатку школьнага дня, паколькі ім нязручна адводзіць дзяцей у школу. Акрамя таго, тады занадта позна заканчваюцца заняткі ў школьнікаў, якія вучацца ў другую змену, а таксама заняткі ў гуртках і спартыўных секцыях.
Аднак, лічыць прэзідэнт, які і сам з'яўляецца бацькам школьніка, у першую чаргу трэба падумаць пра здароўе дзяцей і пра тое, ці не перашкаджаюць такія раннія пад'ёмы засвойваць вучэбную праграму.
"Таму нам трэба ў гэтым плане змяняць сітуацыю, асабліва на сяле. Нават на аўтобусе 5-7 км вязуць дзетак. Ім жа трэба ў шэсць гадзін прачынацца. Хіба гэта нармальна? Дарослы чалавек у шэсць гадзін не можа прачнуцца", — прывёў прыклад Лукашэнка.
Таму, лічыць ён, тут неабходныя сур'ёзныя зрухі. Прэзідэнт таксама нагадаў аб зменах да ўступных іспытаў і падкрэсліў, што гэтая тэма таксама мае патрэбу ў больш істотнай прапрацоўцы.