МІНСК, 13 мая — Sputnik. Гісторыя калектыву распачалася пяць гадоў таму, калі лізінгавая кампанія, што прадстаўляе беларускую тэхніку за мяжой, вырашыла стварыць свой уласны творчы народны калектыў для прыцягнення ўвагі да беларускай вытворчасці на міжнародных выставах.
Кіраўніцтва прадпрыемства знайшло мастацкага кіраўніка для будучага калектыва — Таццяну Давыдзюк, потым былі зладжаны праслухоўванні сярод таленавітых супрацоўнікаў арганізацыі, назначаны рэпетыцыі, закуплена гукавое абсталяванне. Так быў створаны аматарскі калетыў мастацкай самадзейнасці "Лілея".
За пяць гадоў свайго існавання калектыў пераўтварыўся ў моцную творчую суполку, выступіў на шэрагу міжнародных фестываляў, наведаў з канцэртамі Арменію, Чэхію, Польшчу, Латвію.
"Летась нам патэлефанавалі з Рыгі, дзе ўвосень праходзілі дні беларускай культуры. Так склалася, што арганізатары выйшлі менавіта на наш калектыў, праслухалі нас і мы падыйшлі ім як калектыў, які можа прадстаўляць Беларусь на днях беларускай культуры. Мы тады нават выступілі з сольным канцэртам у Юрмале, і гэта быў вялікі досвед", — узгадвае мастацкі кіраўнік калектыву Таццяна Давыдзюк.
У ансамблі працуюць людзі не абыякавыя да культуры, і мэта ў калектыву — паказаць, наколькі шматграннай і мелагучнай можа быць беларуская песня. У рэпертуары "Лілеі" не толькі народные, але і аўтарскія песні. Кожны твор пераасэнсоўваецца калектывам нанова і падаецца слухачу ў новай, сучаснай аранжыроўцы.
"Аснова нашай дзейнасці — песні на беларускай мове. Асобную частку рэпертуару складаюць песні, што спявалі нашыя бабулі. Мы імкнемся ўдыхнуць у іх новае жыццё, але, разам з тым, захаваць тую аўтэнтычнасць, што гучала ў песні першапачаткова. Гэта найважнейшая частка нашай творчасці, бо гэта нашая культура, гэта беларускія вытокі", — распавяла мастацкі кіраўнік калектыву.
У рэпертуары калектыву ёсць народныя песні, не толькі Беларусі, але і Расіі, Польшчы і Арменіі. Падчас паездкі на фестываль славянскіх культур у Польшчу ўдзельнікі калектыву вырашылі, што польскаму слухачу будзе прыемна пачуць песню на іх мове ад беларускага калектыву — знакамітыя польскія песні загучалі на новы лад, а "Лілея" стала лаўрэятам міжнароднага фестывалю.
Сёння калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, а ўсе яго ўдзельнікі аб'яднаны адзінай мэтай — папулярызаваць беларускую культуру, распавядаць пра яе і рабіць усё на карысць яе развіцця.
Юбілейны канцэрт калектыву адбудзецца 17 мая ў канцэртнай зале "Атлант" (праспект Пераможцаў, 61), пачатак у 18:30.