МІНСК, 16 мая — Sputnik. Рэканструкцыю паходнага лагера, рыштунку і побыту, характэрных для перыяду XIV-XV стагоддзяў, прадставяць у Гомелі 20 мая, паведамілі Sputnik на Гістарычным факультэце ГДУ імя Ф. Скарыны.
"У ролі "экспанатаў" музея выступяць удзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі і блізкага замежжа ў касцюмах і даспехах сярэднявечнай эпохі", — распавялі арганізатары.
Музей жывой гісторыі будзе працаваць на тэрыторыі Гомельскага ўніверсітэта. Наведвальнікі лагера ўбачаць працэс прыгатавання ежы ў сярэднявечных паходных умовах, а некаторыя стравы нават змогуць прадэгуставаць. Таксама рэканструктары прадэманструюць сярэднявечныя рамёствы, правядуць майстар-класы па ліцейнаму, кавальскаму, сталярнаму рамяству, выпечцы ў паходнай печы.
"Таксама наведвальнікам будзе прапанавана паспрабаваць сябе ў якасці стралка з лука або пагуляць у сярэднявечны аналаг крыкету. Будуць прадстаўлены рэканструкцыі даспехаў і зброі мяжы XIV-XV стагоддзяў і прадэманстраваны некаторыя элементы сярэднявечнага бою", — удакладнілі на гістфаку.
Гістарычныя даведкі і тлумачэнні каля кожнай з пляцовак будуць даваць студэнты гістарычнага факультэта і ўдзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі.
Дзе: Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны.
Калі: 20 мая з 11:00 да 16:00.