МІНСК, 17 мая — Sputnik. На паліцах кнігарняў з'явіліся дзве новыя кнігі шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста пра вясёлыя прыгоды дзядулі Пэтсана і ягонага кацяняці Фіндуса, перакладзеныя на беларускую мову Надзеяй Кандрусевіч.
З кнігі "Паляванне на ліса" маленькія чытачы даведаюцца, якім чынам нашыя героі збіраліся адвадзіць ліса, які павадзіўся лазіць па куратніках суседзяў, якога гармідару яны нарабілі і што з гэтага ўсяго атрымалася. У кнізе "Пэтсан сумуе" аповед будзе пра "агульную млявасць і абыякавасць да жыцця" дзядулі Пэтсана, на якога раптам звалілася восеньская хандра, і пра тое, як маленькі Фіндус ратаваў сябра ад яе.
Галоўныя героі гэтых кніг ужо добра вядомыя беларускім дзеткам па кнігах "Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды", "Блінны торт" і "Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі", якія пабачылі свет у серыі "Каляровы ровар" Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Кнігі Свэна Нурдквіста ўжо зрабіліся класікай дзіцячай літаратуры, а яго гісторыі пра старога Пэтсана і коціка Фіндуса перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету. Незвычайныя ілюстрацыі будуць цікавыя не толькі дзецям, але і іх бацькам.
Новыя кнігі Свэна Нурдквіста на беларускай мове можна знайсці ў сталічных крамах:
- "Акадэмкніга" (пр-т Незалежнасці, 72);
- "Кнігарня пісьменніка" (вул. Казлова, 2);
- "Веды" (вул. К.Маркса, 36);
- "Светач" (пр-т Пераможцаў, 11);
- "Цэнтральная кнігарня" (пр-т Незалежнасці, 19);
- "Эўрыка" (вул. Куйбышава, 75);
- "Кніжная шафа" (пр. Дзяржынскага, 9);
- Этнакрама "Рагна" (вул. Сухая 4).
У Віцебску:
Крама-клуб "Абажурчик" (пр-т Перамогі, 15. ГЗЦ "Мега", пав 336. 5 паверх).