МІНСК, 17 мая — Sputnik. Паніхіда па беларускаму паэту Максіму Багдановічу будзе здзейсненая ў найстарэйшым праваслаўным храме Мінска 25 мая, паведамілі Sputnik у сераду ў прэс-службе Беларускага экзархата.
25 мая спаўняецца 100 гадоў з дня смерці Максіма Багдановіча.
"У дзень смерці паэта ў 14:30 у найстарэйшым праваслаўным храме Мінска — у Петрапаўлаўскім саборы — будзе здзейснена памінальнае набажэнства", — паведамілі святары.
Там адзначылі, што па ініцыятыве Літаратурнага музея Багдановіча малітвы аб супакоі душы класіка ўзносяцца ў саборы апосталаў Пятра і Паўла кожны год.
Па словах суразмоўцаў агенцтва, на паніхіду ў храм ушанаваць памяць паэта, які пайшоў з зямнога жыцця ў 25 гадоў, прыходзяць прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, мінчане, якія захапляюцца лірыкай Багдановіча.