МІНСК, 19 мая — Sputnik. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да года беларускай культуры, распачаліся ў студзені выступленнем на Сардзініі салісткі Брэсцкай абласной філармоніі Жанны Версо ў суправаджэнні ансамбля "Рапсодыя" і "Шоу пясчаных карцін" мастака з Гомеля Юрыя Пташынскага.
У перыяд з 12 па 14 мая прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай фолк-музыцы. Гэтым разам Беларусь прадстаўляў калектыў Vuraj, што знакаміты сваімі эксперыментамі з аўтэнтычным спеўным матэрыялам.
"Мы не ведалі, што праходзіць год культуры на Сардзініі, а проста выпадкова пабачылі аб'яву аб конкурсе фолк-калектываў. Акрамя нас у конкурсе ўзялі ўдзел яшчэ пятнаццаць беларускіх калектываў. Мы прайшлі гэты конкурс і паехалі — усё вельмі проста", — распавёў карэспандэнту Sputnik лідар калектыву Сяргей Доўгушаў.
12 мая Vuraj прадставіў сваю праграму для італьянцаў у джаз-клубе Sassari, а 14 узяў удзел у святкаванні Дня работніц хатняй гаспадаркі і Дня маці і зладзіў для гледачоў інтэрактыўную праграму з беларускімі народнымі гульнямі і пляскамі.
Разам з публікай гурт развучыў беларускія народныя танцы "Ойра" і "Лявоніха", а гульнявую частку склалі народныя забавы "Цяцерка" і "Явар".
"Мабыць, карэнным жыхарам наша музыка больш "зайшла", чым імігрантам. Яны плясалі, спявалі, нават не разумеючы, пра што песня. Мясцовыя жыхары вельмі добра ўспрынялі наш выступ, нават потым падыходзілі, задавалі пытанні".
Выступленне гурта на фестывалі, прысвечаным Дню работніц хатняй гаспадаркі, завяршылася песняй "Купалінка", якую яны выканалі разам з эмігрантамі.
На свяце ў той жа дзень выступіла яшчэ адна прадстаўніца Беларусі — дзевяцігадовая Стэфанія Непагода з Магілёва — уладальніца шматлікіх узнагарод песенных конкурсаў. Юная выканаўца прадставіла песню "Гэта Беларусь мая".
Дарэчы, на гэтым мерапрыемствы, прысвечаныя году беларускай культуры, не заканчаюцца: наперадзе выступленне ансамбля танца "Равеснік" у ліпені, беларускіх гуртоў — у чэрвені і жніўні, "Дні беларускай кухні" — у верасні і выступленні беларускіх хораў — у лістападзе.