Сядзібу XIX стагоддзя прадаюць за 23 рублі ва Ушацкім раёне

© Sputnik / Руслан Кривобок / Перайсці ў медыябанкаукцыён
аукцыён - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Некалькі гадоў таму закінуты маёнтак планавалі адрэстаўраваць і адкрыць там музей, затым прадаць за 41 тысячу еўра, праз адсутнасць пакупнікоў цану знізілі да мінімуму.

МІНСК, 21 мая Sputnik. Сядзібу XIX стагоддзя, размешчаную ў вёсцы Арэхаўна Ушацкага раёна, выставілі на аўкцыён з пачатковай цаной у адну базавую велічыню, то бок 23 рублі, паведамляе партал "Народныя навіны Віцебска".

Раней мясцовыя ўлады планавалі адрэстаўраваць сядзібу і размясціць у ёй музей рамёстваў. Аднак пазней, у 2014 годзе, маёнтак выставілі на аўкцыён, усталяваўшы першапачатковую цану ў памеры 41 тысяча еўра.

Новы аўкцыён па продажы сядзібы прызначаны на 24 мая, аднак цана зніжана да памеру адной базавай велічыні. Гэта значыць таргі пачнуцца з сумы у 23 рублі. Акрамя будынка, пабудаванага ў 1840 годзе, новыя гаспадары атрымаюць права на арэнду зямельнага ўчастка памерам у 13 сотак на 50 гадоў.

Акрамя 23 рублёў, новаму ўладальніку прыйдзецца панесці шэраг выдаткаў. Па-першае, кампенсаваць аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушацкага райвыканкама выдаткі на падрыхтоўку аб'екта да продажу. Свае выдаткі выканкам ацаніў у 634 рублі 25 капеек.

Акрамя таго, ад новага ўладальніка чакаюць, што ён на працягу двух гадоў аднавіць маёнтак і пачне выкарыстоўваць яго ў прадпрымальніцкіх мэтах.

Сядзібу ў Арэхаўна пабудавалі Грабніцкія, якія валодалі мястэчкам з 1745 года да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Маёнтак быў пабудаваны ў 1840 годзе ў стылі позняга класіцызму. У часы Грабніцкіх у маёнтку працавалі палатняная фабрыка, паравы млын, бровар, кузня і конезавод.

Летась з чацвёртага разу ўдалося прадаць шляхецкую сядзібу Дзеконскіх ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Яна мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Новы ўладальнік, які набыў сядзібу за 213,3 мільёна рублёў, паабяцаў яе адрэстаўраваць.

Стужка навiн
0