Кальчугі і шлемы апранулі студэнты, лекары, інжынеры, дызайнеры. Кожны выбраў сабе ролю і месца ў лагеры. "Нашых" рыцараў было заўважна болей, чым воінаў Тэўтонскага ордэна. Разам з абмундзіраваннем яны прывезлі намёты і ўсё неабходнае для ўладкавання побыту.
У палявой кузні збройнік і малатабоец кавалі меч. За некалькі метраў ад іх праводзіў майстар-клас лучнік. У адным з намётаў завіхаліся па гаспадарцы маладыя жанчыны ў сярэднявечных сукенках і каптурках з натуральнай воўны. Усё выглядала так, нібыта на двары сапраўды пачатак ХV стагоддзя.
У Музеі жывой гісторыі знайшлося месца не толькі для аднаўлення сярэднявечнага побыту. Гледачоў захліснулі эмоцыі, калі на іх вачах пад дзідамі пяхоты пала кавалерыя. Праўда, апошняя з'явілася на публіцы без коней, але гэта, мабыць, было адзінае адступленне ад гістарычнай праўды. Падрабязнасці глядзіце ў фотарэпартажы гомельскіх карэспандэнтаў Sputnik.