МІНСК, 23 мая — Sputnik. Іконы з Ватыканскіх музеяў будуць выстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі, паведаміў сайт Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.
Нацыянальны мастацкі музей і Святы Прастол пачалі супрацоўнічаць у 2016 годзе, тады музей правёў у Ватыкане выставу "Іканапіс Беларусі XVII-XХI стагоддзяў". Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі пры Святым Прастоле Сяргей Алейнік і дырэктар мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў у знак падзякі ад беларускага боку ўручылі ўзнагароды і ганаровыя граматы кіраўніцтву і супрацоўнікам Ватыканскіх музеяў.
"Мы дамовіліся, што ў наступным годзе нашы італьянскія калегі прымуць удзел у выставе сучасных іканапісцаў, на якой будуць прадстаўлены больш дзесяці еўрапейскіх краін. Таксама мы правялі перамовы наконт таго, каб у 2019 г., калі не раней, правесці выставу абразоў з калекцыі Ватыканскіх музеяў у нашым музеі, у межах святкавання яго 80-годдзя", — распавёў Уладзімір Пракапцоў.
Паводле яго слоў, "беларускія рэстаўратары будуць штогадова праходзіць практыку ў майстэрнях Ватыканскіх музеяў, і самае галоўнае: мы дамовіліся аб нашых далейшых кантактах, у тым ліку са спадарыняй Барбарай Ятай, наконт таго, што яна будзе спрыяць беларускім навукоўцам у пошуку магчымых дакументаў, звязаных з імем Францішка Скарыны, якія могуць захоўвацца ў Ватыканскіх музеях".
Дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята распавяла, што знаёмая са славянскімі іконамі з самага дзяцінства. Яе маці мае рускія карані. Яна займаецца іканапісам і таму была запрошана выставіць свае творы ў Мінску. На думку спадарыні Яты, супрацоўніцтва ў сферы мастацтва чарговы раз дэманструе, наколькі блізкай з'яўляецца культура еўрапейскіх краін.