МІНСК, 24 мая — Sputnik. Экс-салістка папулярнага расійскага гурта "Ленінград" выступіць на гэтых выхадных на свяце Мінскага трактарнага завода, сведчаць дадзеныя афіцыйнага сайта МТЗ.
Завод будзе адзначаць 71-годдзе з дня заснавання два дні — у суботу 27-га і нядзелю 28 мая.
"Увечары плошча ля завода ператворыцца ў канцэртную пляцоўку. Радаваць гасцей будуць зоркі з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы", — паведамілі на заводзе.
Паводле інфармацыі МТЗ, чакаецца, што на свяце выступяць удзельнікі міжнароднага конкурсу "Еўрабачанне-2017" — гурт NaviBand, а завершыць канцэрт былая салістка гурта "Ленінград" Аліса Вокс.
Як сведчаць дадзеныя з адкрытых крыніц, выступленне былой калегі Сяргея Шнурава каштуе ад 8,5 тысяч еўра. Гэта сума не канчатковая, паколькі выніковая аплата будзе залежыць ад аддаленасці месца выступу, фармату мерапрыемства і графіка выканаўцы.