МІНСК, 24 мая — Sputnik. У аграгарадку Вішоў Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці 22 мая быў заўважаны рэдкі для Беларусі арол-магільнік, паведамілі ў прэс-службе "Аховы птушак Бацькаўшчыны".
Бліжэйшыя да нас месцы гнездавання гэтага рэдкага арла — у Цэнтральнай Украіне. Чаму дарослая птушка падалася на поўнач — невядома. Але птушка здзейсніла вымушаны прыпынак пад Магілёвам. Арла сфатаграфавалі, вызначылі від і аказалі дапамогу.
Як распавялі ў АПБ, птушку заўважылі на школьным стадыёне — яна некалькі гадзін прасядзела ў кустарніку. Каб вызначыць, што гэта за птушка, за дапамогаю звярнуліся да настаўніцы біялогіі Алены Варапаевай.
"Як можна было прайсці міма? Жывая птушка ў бядзе! Праўда, я амаль страціла надзею, пакуль абтэлефанавала дзясяткі нумароў. Тэлефанавала ў мясцовую інспекцыю прыродных рэсурсаў, у лясгас, у Заасад, але нідзе мне не давалі канкрэтнага адказу. У роспачы я патэлефанавала ў 101. МНС звязаліся з Магілёвам, сталі ўдакладняць. Час ішоў, птушка спалохалася і сышла ў кусты, потым выйшла грэцца на сонцы. Я стала падключаць знаёмых, яны звярнуліся на тэлебачанне. Потым я ўспомніла пра АПБ, патэлефанавала і адправіла фота. Там хутка вызначылі: перад намі — магільнік, вельмі рэдкая птушка. Так што выратаваць яе трэба было абавязкова", — расказала настаўніца біялогіі.
Птушку адлавілі супрацоўнікі Магілёўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і работнікі Магілёўскага Заасада. Арла адвезлі ў заасад, дзе ён пакуль жыве ў загоне для курэй. Работнікі кажуць, што птушка хутка з'ела усю ежу, якая была ў загоне, а таксама піла шмат вады. Там лічаць, што птушка здаровая, але аслабленая.
Магільнік, або імператарскі арол, унесены ў Міжнародны Чырвоны спіс як від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Колькасць віду па ўсёй Еўропе зніжаецца.