МІНСК, 25 мая — Sputnik. Унікальнасць рэзалюцыі — у замацаванні ролі перакладчыкаў у развіцці міжнароднага дыялогу і пабудове паміж нацыямі мастоў узаемаразумення і даверу ў процівагу "будаўніцтву сцен", паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў прыняў удзел у пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН, у ходзе якога была прынятая рэзалюцыя "Роля прафесійнага перакладу ў збліжэнні народаў, умацаванні міру, садзейнічанні ўзаемаразуменню і развіццю".
Распрацоўку дакумента ініцыявала Беларусь пры падтрымцы Азербайджана. Сярод суаўтараў рэзалюцыі 27 дзяржаў — членаў ААН. Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас адзначыў, што дакумент з'явіўся своечасова і накіраваны перш за ўсё на людзей, ад якіх залежыць поспех працы арганізацыі.
Упершыню ў гісторыі ААН перакладчыкі і пераклад прызнаныя асноўным практычным інструментам захавання шматмоўя ў свеце, падтрымкі культурнай і моўнай разнастайнасці, паведамілі ў МЗС.
Па рэзалюцыі, 30 верасня (Дзень святога Гераніма, які традыцыйна лічыцца апекуном перакладчыкаў) абвешчаны Міжнародным днём перакладу. Па запрашэнні місіі Беларусі ў пасяджэнні Генеральнай Асамблеі прынялі ўдзел кіраўнікі міжнародных перакладчыцкіх арганізацый, якія на працягу дзесяцігоддзяў дамагаліся прызнання з боку ААН прафесійнага свята перакладчыкаў.