МІНСК, 25 мая — Sputnik. Фантастычны фільм "Піраты Карыбскага мора: мерцвякі не распавядаюць казкі" выходзіць у чацвер на экраны беларускіх і сусветных кінатэатраў.
"Піраты Карыбскага мора" — серыя прыгодніцкіх фільмаў. Першая стужка франшызы выйшла ў 2003 годзе і адразу сабрала вакол сябе вялікую колькасць фанатаў. Сёння гісторыя пра пірата Джэка Вераб'я ў выкананні папулярнага акцёра Джоні Дэпа — адна з самых касавых серый у кінематографе: чатыры карціны зарабілі больш за 3,7 мільярда долараў па ўсім свеце.
Пятая частка — "Піраты Карыбскага мора: мерцвякі не распавядаюць казкі" — выходзіць у беларускі і сусветны пракат ужо ў гэты чацвер 25 мая. Фанаты серыі ўжо раскупілі амаль усе квіткі на вячэрнія сеансы ў сталічных кінатэатрах, такога ажыятажу мінскія кінатэатры не памятаюць з часоў апошніх "Зорных Войнаў".
Першыя водгукі пра пятых "Піратах Карыбскага мора" ўжо пакінулі многія кінакрытыкі: яны высока ацэньваюць стужку і прадракаюць ёй ашаламляльны поспех. Па розных ацэнках, карціна зможа сабраць больш за мільярд долараў.
У новых "Піратах Карыбскага мора" зноў на экранах з'явяцца ўпадабаныя гледачам акцёры — Джоні Дэп, Арланда Блум, Кіра Найтлі, Джэфры Раш і іншыя. Зноў убачыць іх, магчыма, атрымаецца і ў шостай частцы франшызы, аднак дата выхаду яе пакуль не вядомая, хутчэй за ўсё, карціна выйдзе ў пракат толькі ў 2019-2020 гадах.