МІНСК, 27 мая — Sputnik. Дажджоў на выхадных не абяцаюць, а значыць, можна смела планаваць выхады ў свет — вулічнае жыццё сталіцы патроху ажывае.
Куды пайсці, каго паслухаць і на што паглядзець — Sputnik гатовы падказаць тым, хто застаецца ў горадзе, некалькі нясумных варыянтаў культурнага вольнага часу.
"Пешаходка"
З двух гадзін дня і да позняга вечара ў розных кутках Верхняга горада будзе гучаць рознафарматная вулічная музыка. Граць будуць як мінімум на трох пляцоўках у рамках прыватнага праекта "Пешаходка".
Плюс сваю праграму рыхтуюць гарадскія ўлады — у 12:00 на пляцоўцы перад Ратушай удзельнікі гістарычных клубаў пакажуць "Губернатарскі баль", дзіцячыя танцавальныя калектывы запаляць у рытмах ліндзі-хоп і блюз, а ўвечары на галоўнай сцэне абяцаюць канцэрт зорак беларускай эстрады.
Кулінковіч у "Графіці"
Старыя і новыя песні "Нейра Дзюбеля" ў акустычным варыянце прагучаць у суботу ў сталічным клубе "Графіці". Арганізатары канцэрту абяцаюць, што ўпор музыкі зробяць на песні хвацкіх 90-ых, якія прыхільнікі "Нейра Дзюбеля" даўно не чулі. Кажуць, што новае бачанне старых хітоў прыйдзецца па гусце "аматарам выпіць і паплакаць".
Трактарны балет ад МТЗ
З нагоды свайго дня нараджэння — а МТЗ спаўняецца 71 год — завод ладзіць для ўсіх мінчан свята. У суботу абяцаюць канцэрт, светлавое шоу і трактарны балет. Пачатак шоу запланаваны на 18:30. У канцэрце, які пачнецца пасля трактарнага балета, прымуць удзел гурты "Тяни-толкай", Apple Tea, ВІА "Драўляне", у фінале на сцэну выйдзе экс-салістка "Ленинграда" Аліса Вокс.
Светлавое шоу і феерверк гледачам пакажуць бліжэй да 22:30. А ў нядзелю на МТЗ пройдзе дзень адчыненых дзвярэй, то бок усе жадаючыя з 11:00 да 14:00 змогуць прайсціся па цэхах легендарнага беларускага завода.
Матацыкл як твор мастацтва
Унікальныя, створаныя на заказ і перапрацаваныя матацыклы можна будзе ўбачыць на працягу двух дзён на III фестывалі кастам-мотакультуры, які ў суботу і нядзелю пройдзе ў Палацы мастацтваў.
Арганізатары абяцаюць паказаць больш за 50 кастам-матацыклаў з Беларусі, Літвы, Украіны і Расіі. Акрамя таго, у гасцей будзе магчымасць прасачыць эвалюцыю матацыклаў BMW, пачынаючы з мадэляў першай паловы ХХ стагоддзя, заканчваючы новай лінейкай 2017 года, а таксама агледзець выставу ўнікальных ровараў, матацыклаў і рэтра. Музыка і ежа таксама ў праграме.
"Эпоха рыцарства" ў Азярцы
На фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Эпоха рыцарства" запрашае ў гэтыя выхадныя Музей народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы. Абяцаюць відовішчныя паядынкі, масавыя бітвы і турнір конных рыцараў. Госці змогуць наведаць кірмаш рамеснікаў і паслухаць сярэднявечную і фолк-музыку, паглядзець выступленне вулічнага тэатра. Хэдлайнерам музычнай часткі фестывалю заяўлены гурт "Стары Ольса".
"Садовы перапалох"
У суботу і нядзелю ў Бараўлянах чакаюць уладальнікаў прыватных дамоў, дачнікаў, а таксама тых, хто на іх зарабляе. Гадавальнік "Чырвоны клён" запрашае ўсіх зацікаўленых на фестываль ландшафтнага дызайну "Садовы перапалох".
У рамках фестывалю прафесійныя ландшафтныя дызайнеры — 10 каманд — прадставяць свае варыянты рашэння садовай прасторы. Прычым гэтыя міні-сады будуць уладкаваныя па прынцыпе "зялёных" пакояў, па якіх можна будзе шпацыраваць з аднаго ў іншы. Акрамя таго, у рамках фестывалю адбудуцца майстар-класы на тэму садоўніцтва і ландшафтнага дызайну.