МІНСК, 29 мая — Sputnik. Апошнія званкі для беларускіх школьнікаў празвіняць у аўторак 30 мая па ўсёй рэспубліцы, нагадалі Sputnik у Мінадукацыі Беларусі.
Паводле дадзеных профільнага ведамства, 30 мая "апошні званок" празвініць для 144 тысяч выпускнікоў: школы пакінуць больш за 57 тысяч 11-класнікаў і 87 тысяч дзевяцікласнікаў.
Як віншуюць з апошнім званком
У дзень апошняга званка вучні і бацькі віншуюць настаўнікаў, сваякі — выпускнікоў, а настаўнікі — адзін аднаго. Віншаванняў з апошнім званком у інтэрнэце можна знайсці шмат — і ў вершах, і адмыслова адаптаваныя пад смс, і ў іншых фарматах.
Што можна дарыць на апошні званок?
Вядома, у гэты дзень усе нясуць любімым настаўнікам кветкі — ад гладыёлусаў да пунсовых руж. Многія бацькі і самі вучні хочуць прэзентаваць педагогам які-небудзь памятны сувенір, аднак тут ёсць некаторыя абмежаванні.
Згодна з беларускім заканадаўствам, падарункі не толькі дзяржслужачым, але і выкладчыкам, а таксама лекарам не могуць быць даражэй пяці базавых велічынь — гэта значыць 115 рублёў. Акрамя таго, не варта дарыць дарагія падарункі перад выпускнымі экзаменамі — гэта ўжо можна расцаніць як хабар.
Часцей за ўсё настаўнікам на апошні званок дораць канцылярскія прыналежнасці, нататнікі, штодзённікі і падобныя прыемныя дробязі. Вядома ж, педагогам да кветак можна падарыць і цукеркі, але вось алкагольныя напоі не варта: вас могуць няправільна зразумець. Лепш абраць добры від ліставой гарбаты ці купіць сапраўднай бразільскай кавы.
Падарункі на апошнія званкі часам дастаюцца і самім выпускнікам, аднак часцей за ўсе прэзенты для іх "берагуць" для выпускных — дарэчы, у гэтым годзе яны адбудуцца 9-10 чэрвеня па ўсёй рэспубліцы.
Як святкаваць апошні званок?
Урачыстыя "лінейкі" ў гонар апошніх званкоў пачынаюцца часцей за ўсё а 10-й — пасля прамовы дырэктара школы ва ўстановах адукацыі часам ладзяць невялікія святочныя канцэрты: у актавых залах або пад адкрытым небам — у залежнасці ад надвор'я і колькасці выпускнікоў. Сцэнары апошніх званкоў выбіраюць ў саміх школах.
Пасля афіцыйнай часткі апошніх званкоў для выпускнікоў часта арганізоўваюць святочныя мерапрыемствы — напрыклад, выезд за горад. Займаюцца гэтымі мерапрыемствамі бацькоўскія камітэты і самі выпускнікі.
Для выпускнікоў Мінска 30 мая ёсць магчымасць наведаць "Мінск-Арэну" на канцэрт Ягора Крыда і гурта M-Band, аднак гэта мерапрыемства ў інтэрнэце раскрытыкавалі — кажуць, быццам бы ў некаторых школах прымушаюць купляць квіткі на гэтае "свята".
І галоўнае: забарона на алкаголь
Па ўсёй Беларусі 30 мая цягам сутак не будуць прадаваць алкагольныя напоі — ад піва і да самых моцных. Падобную меру традыцыйна ўводзяць для аховы правапарадку і недапушчэння таго, каб у важны для выпускнікоў дзень многія ўжывалі алкаголь.
Зрэшты, многія саркастычна ставяцца да падобных забаронаў: усе, хто хоча набыць алкаголь, робяць гэта загадзя — у тым ліку і тыя выпускнікі, якім да апошняга званку ўжо ёсць 18 гадоў.
Аналагічны забарона будзе дзейнічаць і 10 чэрвеня — у дзень правядзення выпускных вечароў. Ужо пасля выпускных для выпускнікоў пачнецца самая "гарачая" пара — яны стануць абітурыентамі.