МІНСК, 29 мая — Sputnik. Нацыянальны гістарычны музей 9 чэрвеня прэзентуе выставу "Сімвалы савецкай эпохі", прымеркаваную да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Як паведамілі ў музеі, савецкая сімволіка — адзін з важнейшых кампанентаў культуры дадзенай эпохі. Яна знайшла яскравае ўвасабленне як у творах мастацтва, так і прадметах побыту. Гэтыя сімвалы прыйшлі на змену ранейшай дзяржаўнай і рэлігійнай сімволікі, напоўнілі сабою ўсе сферы жыцця грамадства.
Для стварэння выставы выкарыстаны прадметы са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: дакументы, плакаты, творы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, метал, фарфор, баністыка і шэраг іншых. Мемарыяльны музей-майстэрня З. І. Азгура ўдзельнічае ў паказе скульптурнымі выявамі выбітных партыйных, ваенных і дзяржаўных дзеячаў — У. Леніна, М. Фрунзе, П. Машэрава і іншых.
"Інсталяцыі, створаныя на падставе фондавых калекцый музея, распавядаюць пра піянерскае і партыйнае жыццё таго часу, працу жанчын, дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі. Наведвальнікам выставы будуць прапанаваны для прагляду фрагменты савецкіх кінафільмаў", — распавялі арганізатары.