МІНСК, 30 мая — Sputnik. Трагедыю 18-гадовай даўніны, калі ў цісканіне ў пераходзе на станцыі метро "Няміга" загінула больш за 50 чалавек, згадваюць сёння ў Мінску.
Як перадае карэспандэнт Sputnik, у аўторак зранку сваякі і блізкія загінуўшых запалілі лампадкі і расставілі іх на прыступках пераходу станцыі метро, дзе здарылася трагедыя. Колькасць лампадак адпавядае колькасці загінуўшых у нядзелю 30 мая 18 гадоў таму.
Як распавяла жанчына, якая запаліла лампаду сёння на Нямізе, у бліжэйшы час да памятнага знака, які ўсталяваны на месцы гібелі, прывязуць кветкі.
"Прайшло столькі гадоў, а боль ад той страты і страшнай трагедыі да гэтага часу ў нашых сэрцах", — сказала яна.
18 гадоў таму падчас цісканіны на "Нямізе" загінула 53 чалавекі, каля 150 атрымалі раненні. Большасць ахвяр — маладыя людзі 14-20 гадоў. Падчас масавага мерапрыемства пачаўся лівень, і людзі пабеглі хавацца ў метрапалітэн, у пераходзе якога і здарылася цісканіна.