МІНСК, 31 мая — Sputnik. Беларуская федэрацыя футбола пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь правяла акцыю "Падары дзіцяці футбольны мяч", распавялі Sputnik у Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ).
Напярэдадні летніх вакацый у межах акцыі, праведзенай на ўрачыстых лінейках 30 мая 2017 года, першакласнікам усіх сельскіх школ і аграгарадкоў Рэспублікі Беларусь былі ўручаны футбольныя мячы.
Цырымонія ўручэння футбольных мячоў адбылася ў Бараўлянскай гімназіі (п. Лясны, Мінскі раён). Падарункі першакласнікам уручылі намеснік старшыні Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Сяргей Сафар'ян і начальнік упраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Марына Саротнік.
"Развіццё масавага і дзіцяча-юнацкага футбола з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Беларускай федэрацыі футбола. Мы ўдзячныя Міністэрству адукацыі за садзейнічанне ў правядзенні акцыі "Падары дзіцяці мяч". Дзякуючы сумесным намаганням яна стала традыцыйнай і праходзіць ужо шосты год запар", — распавёў Сафар'ян.
"Віншую першакласнікаў з заканчэннем іх першага навучальнага года. Спадзяюся, яны добра правядуць канікулы. Магчыма, атрымаўшы ў падарунак мячы сёння, яны зацікавяцца футболам", — павіншаваў школьнікаў Сафар'ян.
Падчас акцыі арганізатары і прадстаўнікі мясцовых органаў улады ўручылі падарункі першакласнікам з дзвюх тысяч сельскіх школ усіх раёнаў краіны. Гэтае мерапрыемства ўжо стала добрай традыцыяй — шосты год запар напярэдадні летніх вакацыяў першакласнікі ў сельскіх школах і аграгарадках атрымліваюць футбольныя мячы. Усяго за час правядзення акцыі было ўручана 120 тысяч мячоў.