Валюту купляць без пашпарта можна з 1 чэрвеня

© SputnikБеларускі пашпарт і грошы
Беларускі пашпарт і грошы - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Указ прэзідэнта Беларусі аб адмене рэгістрацыі банкамі пашпартных дадзеных фізічных асоб пры такіх здзелках уступае ў сілу з гэтай даты.

МІНСК, 31 мая — Sputnik. У Беларусі з 1 чэрвеня адмяняецца рэгістрацыя пашпартных дадзеных фізічных асоб пры куплі замежнай валюты, паведамілі Sputnik ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка.

Як раней паведамлялася, прэзідэнт Беларусі 29 мая падпісаў указ №192, якім прызнаецца страціўшым сілу ўказ ад 6 кастрычніка 2011 года №449. Гэты дакумент уводзіў норму аб абавязковым прад'яўленні пашпарта фізічнымі асобамі пры куплі наяўнай валюты ў абменных пунктах камерцыйных банкаў.

"У Беларусі з 1 чэрвеня 2017 года адмяняецца неабходнасць рэгістрацыі банкамі пашпартных дадзеных фізічных асоб, якія набываюць замежную валюту. Адпаведная інфармацыя даведзена Нацыянальным банкам да банкаў", — паведамілі ў НБРБ.

Там адзначылі, што рашэнне аб лібералізацыі валютнага рэжыму прынята па ініцыятыве Нацбанка. Падставай для такога рашэння стала стабільная сітуацыя на ўнутраным валютным рынку. Цягам пэўнага часу на рынку назіраецца збалансаванасць попыту і прапановы.

Такім чынам, у цяперашні час патрабаванне аб рэгістрацыі пашпартных дадзеных пры куплі замежнай валюты фізічнымі асобамі стала залішнім.

Акрамя таго, у Беларусі дзейнічае адпаведная міжнародным стандартам сістэма ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў фінансавых аперацый, якая накіравана на супрацьдзеянне адмыванню грошай, фінансаванню тэрарызму і фінансаванню распаўсюджвання зброі масавага паражэння, адзначылі ў Нацбанку.

Там звярнулі ўвагу, што гэтая сістэма захоўвае патрабаванне па ідэнтыфікацыі асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя (у тым ліку валютна-абменныя) аперацыі, пры суме аперацыі ад 1 000 базавых велічынь (23 тысячы беларускіх рублёў, або прыкладна 12,5 тысяч долараў). У сувязі з гэтым наяўнасць дадатковага комплексу мер па рэгістрацыі пашпартных дадзеных не з'яўляецца мэтазгоднай, падкрэслілі ў НБРБ.

Стужка навiн
0