МІНСК, 31 мая — Sputnik. У Беларусі можа быць прынята рашэнне аб прызначэнні працоўных пенсій асобным катэгорыям насельніцтва, адпаведны праект указа прэзідэнта ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы, заявіў віцэ-прэм'ер Беларусі Васіль Жарко.
Ён падкрэсліў, што ў папярэднія гады ўдалося давесці суадносіны сярэдняга памеру пенсіі па ўзросце да сярэдняга заробку да ўзроўню 40%. Такія ж суадносіны дзяржава абяцае вытрымаць і ў цяперашніх умовах, сказаў Жарко ў сераду ў Авальнай зале беларускага парламента.
"Улічваючы вастрыню пытання прызначэння працоўных пенсій для асобных катэгорый насельніцтва (а гаворка ідзе пра былых вайскоўцаў, якія не маюць выслугі для атрымання ваеннай пенсіі, а таксама асоб, якія працяглы час ажыццяўлялі догляд за непрацаздольнымі членамі сям'і), урадам унесены на разгляд кіраўніка дзяржавы адпаведны праект указа, які дасць магчымасць урэгуляваць гэтае пытанне", — распавёў віцэ-прэм'ер.
З яго слоў, урад, з улікам фінансавых магчымасцяў, разгледзіць пытанне аб павышэнні ў 2017 годзе працоўных пенсій. Віцэ-прэм'ер таксама распавёў, што 1 жніўня і 1 лістапада, як чакаецца, будзе зроблены чарговы пераразлік мінімальных і сацыяльных пенсій.
"Галоўная задача гэтага перыяду — не дапусціць зніжэння ўзроўню рэальнага дабрабыту нашага насельніцтва. У сувязі са зменамі бюджэтна-пражытачнага мінімуму сёлета зроблены два пераразлікі мінімальных і сацыяльных пенсій. Чарговыя пераразлікі плануецца правесці 1 жніўня і 1 лістапада", — сказаў віцэ-прэм'ер.
Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, у Беларусі налічваецца каля 2,6 мільёна пенсіянераў.