МІНСК, 1 чэр — Sputnik. Падчас працы над фільмам было скарыстана шмат архіўных здымкаў Мінска і іншых архіўных дадзеных і дакументаў, распавялі Sputnik у "Беларусьфільме".
Дзесяціхвілінны мультфільм рэжысёра Наталлі Касцючэнка і мастака-пастаноўшчыка Канстанціна Касцючэнкі заснаваны на рэальных падзеях і распавядае пра тое, як савецкі танк уварваўся ў акупаваны фашыстамі Мінск.
"Акрамя мастака-пастаноўшчыка над анімацыяй працуюць яшчэ чатыры мастака высокага ўзроўню падрыхтоўкі. Усе постаці, твары, рухі ў карціне рэалістычныя. Акадэмічны малюнак у мультфільме для мастака — праца найвышэйшай ступені складанасці", — распавяла рэжысёр Наталля Касцючэнка.
Аўтар сцэнарыя — Дзмітрый Якутовіч — аб'яднаў некалькі падобных гісторый з розных гарадоў у адну і дадаў крыху мастацкай выдумкі.
Гэта гісторыя пра закаханых, якіх разлучыла вайна. Яна — настаўніца. Ён да вайны быў кіроўцам аўтобуса, а цяпер танкіст. Аўдыторыя прагляду — сямейная.
Новы анімацыйны фільм будзе выкананы ў змешанай тэхніцы, якая сумяшчае кампутарную графіку і малюнак. Таксама выкарыстоўваецца перакладка, пры якой адсканаваная выява (у прыватнасці, танк і аўтобус) "разбіраецца" на часткі, дзякуючы чаму кожную частку можна "ажывіць" асобна. Музыку для фільма піша кампазітар Сяргей Пятроўскі.
Зараз заканчваецца здымачны перыяд работы над мультфільмам, пасля якога каманда прыступіць да мантажа і агучкі. Здача стужкі запланавана на 30 чэрвеня.
Усяго ў вытворчасці "Беларусьфільма" зараз знаходзяцца 10 анімацыйных фільмаў.