МІНСК, 1 чэр — Sputnik. Першы з 2008 года канцэрт папулярнага беларускага гурта "Крамбамбуля" прайшоў у сераду ў Мінску. Сольны выступ калектыву з праграмай "Піраты Камсамольскага возера" адбыўся ў сталічным рэстаране "Сябры", квіткі на канцэрт — усяго 800 штук — мінчане раскупілі за некалькі дзён.
Як паведамляе карэспандэнт Sputnik, танцпол рэстарана, дзе ўпершыню за дзевяць гадоў у Беларусі выйшаў на сцэну легендарны калектыў, быў цалкам запоўнены.
Раней на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook музыкі гурта заявілі, што выступ быў арганізаваны па просьбе "аднаго чалавека". "Адзін чалавек знайшоў і запрасіў зайграць канцэрт. Вырашылі пагадзіцца, а там будзе бачна", — адзначылі ўдзельнікі калектыву.
Гурт быў арганізаваны ў Мінску ў 2001 годзе і адразу стаў папулярным дзякуючы выпуску паспяховых альбомаў "Застольны альбом" (2002) і "Каралі раёну" (2003). Пры гэтым з усёй дыскаграфіі (7 пласцінак) калектыву крытыкі лічаць другі найбольш папулярным дзякуючы кампазіцыям "Госці", "Марскі Чалавек", "Няма" і "Старыя хіпаны" — першая песня на доўгі час стала візітнай карткай "Крамбамбулі".
У цяперашні час у гурце граюць Лявон Вольскі, Алесь Мышкевіч, Павел Аракелян, Андрэй Якубчык, Павел Мамонаў і Павел Трыпуць. У першыя гады існавання калектыву ў запісы яго кампазіцый прымалі ўдзел лідэр гурта Brutto Сяргей Міхалок і Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч, які таксама выйшаў на сцэну і парадаваў фанатаў выкананнем любімых песень.