МІНСК, 1 чэр — Sputnik. Віртуальны музей "Telia Vilniaus istorijos Nemuziejus" адкрыўся на Нямецкай вуліцы ў Вільні, паведамляе Sputnik Літва.
Адзін сеанс у музеі будзе доўжыцца 15 хвілін. За гэты час наведвальнікі змогуць убачыць 16 асноўных гісторый, пачынаючы ад легенды пра сон Гедыміна, якія фармавалі сённяшні твар літоўскай сталіцы.
З дапамогай найноўшых тэхналогій, гісторыкаў і мастакоў у музеі таксама аднавілі пажары Вільнюса, гісторыю кахання Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл, росквіт горада перыяду Барока, адыход арміі Напалеона.
У чаканні пачатку сеансу госці змогуць паспрабаваць іншую ўнікальную прапанову — павандраваць у пакоі віртуальнай рэальнасці або паспрабаваць "лятаючы дыван".
"Лятаючым дываном мы называем спецыяльныя падлогі — экран, які будзе адлюстроўваць адзнятыя на малых вышынях выявы Вільнюса. Такім чынам, вы будзеце адчуваць фізічна, як быццам бы прыўзняліся над Вільнюсам і ляціце прама над галовамі людзей", — адзначылі арганізатары.
Спецыяльныя навушнікі дазволяць удзельнічаць у сеансе групе да сарака чалавек, акрамя таго, усе яны будуць мець магчымасць выбраць мову (трансляцыя прадугледжвае выкарыстанне васьмі моў).