МІНСК, 5 чэр — Sputnik. Нацыянальны гістарычны музей Беларусі 7 чэрвеня прэзентуе выставу "Мясцовае насельніцтва", пра гэта Sputnik паведамілі ў музеі.
Выстава складаецца з фотаздымкаў часоў Першай сусветнай вайны з прыватнай калекцыі Уладзіміра Багданава.
"Па задуме аўтара праекта, выстава прысвечана цывільнай тэматыцы. На фотаздымках — мясцовае насельніцтва, сялянскі побыт, непаўторныя беларускія краявіды. Рэдкія чорна-белыя фотаздымкі, аўтарства якіх невядома, дапамагаюць глыбей асэнсаваць мірны лад жыцця беларусаў. З цягам часу яны набываюць не толькі гістарычную каштоўнасць, але і становяцца своеасаблівымі мастацкімі дакументамі падзей пачатку 20 стагоддзя", — падкрэсліваюць у музеі.
Выстава "Мясцовае насельніцтва" — другі паказ калекцыі фотаздымкаў Уладзіміра Багданава ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.
У 2005 годзе ім сумесна з музеем быў арганізаваны выставачны праект "Праз 90 гадоў і лінію фронта. Першая сусветная вайна на Беларусі".