ГРОДНА, 7 чэр — Sputnik, Валерыя Салаўёва. Усяго ўсталявана 12 такіх інфармацыйных таблічак. Кожная з гумарам распавядае аб горадзе і звычках гарадзенцаў.
Усе знакі вышынёй не больш за 20 сантыметраў. Малюнкі зроблены з пластыка і прымацаваны да драўлянай ножцы. Знакі з'явіліся крыху больш за тыдзень таму ў любімых месцах адпачынку. Прыдумаў іх, зрабіў па замове і ўсталяваў у горадзе адміністратар гарадзенскай суполкі newgrodno Ігар.
Як распавёў Sputnik Ігар, ідэя з'явілася яшчэ восенню, калі Гродна быў уключаны ў бязвізавую зону і практычна ўсе сталі абмяркоўваць, як зрабіць горад больш прывабным для турыстаў.
"Мне падалося, што такія таблічкі зробяць наш любімы Гродна больш цікавым", — прызнаўся хлопец. Як толькі скончылася зіма, ён вырашыў увасобіць сваю ідэю ў жыццё. Усе знакі вырабляў за свой кошт і не прасіў дапамогі ў гарадскіх уладаў. Адна такая таблічка каштавала прыкладна 5-6 рублёў.
Ужо гатовая другая серыя міні-знакаў. Якімі яны будуць і ў якіх месцах горада з'явяцца, стваральнік пакуль трымае ў сакрэце. Суразмоўца Sputnik распавёў, што першую частку знакаў усталяваў, не пытаючыся ні ў каго дазволу. А на наступны дзень яму патэлефанавалі з гарвыканкаму і сказалі, што ўсе шыльды трэба было загадзя ўзгадніць з гарадскімі ўладамі.
Цяпер першая і другая серыя таблічак праходзяць усе патрэбныя бюракратычна працэдуры. Хоць адабрэнне гараджан яны атрымалі ўжо даўно. Са слоў Ігара, гэта можна зразумець і па водгуках, і фота ў сацыяльных сетках. Акрамя таго, ні адзін з іх не зламалі, не сапсавалі і не пераставілі ў іншае месца.
Ігар кажа, што ў яго ёсць яшчэ адна задумка — зрабіць незвычайнае месца для сэлфі ў горадзе. Але на гэта спатрэбіцца больш грошай, таму прыйдзецца шукаць спонсараў.