МІНСК, 9 чэр — Sputnik. Акцыя ў абарану Прыпяці прайшла 4-5 чэрвеня на Палессі, у мерапрыемстве ўзяло ўдзел больш за 50 чалавек, распавялі ў ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
Сваёй акцыяй удзельнікі хацелі звярнуць увагу ўладаў, СМІ, а таксама мясцовых жыхароў на пагрозу для прыроды Палесся і праблемы, з якімі яны могуць сутыкнуцца ў сувязі з рэалізацыяй праекта воднага шляху Е40.
"Рэгуляваныя вадаёмы, будаўніцтва якіх прадугледжвае Е40, цалкам зменяць навакольную экасістэму Палесся. Мы рызыкуем страціць розныя віды жывёл, рыб, насякомых, птушак, каштоўных не толькі для Беларусі, але і ўсяго свету. Паводкі на рацэ Прыпяць ствараюць умовы той прыроднай разнастайнасці, якую мы тут бачым", — распавёў старшыня Гомельскага аддзялення АПБ, кіраўнік Клуба падарожжаў гомельскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства Раман Хлебін.
На яго думку, варта шукаць альтэрнатыўныя шляхі развіцця воднага шляху Е40, з улікам захавання мясцовых ландшафтаў і балот. "У Беларусі, на жаль, мала рэк для байдарочных сплаваў, многія абмялелі і непрыдатныя для воднага турызму. У гэтай сітуацыі, на жаль, актыўны турызм па Прыпяці апынецца пад пытаннем", — дадаў Хлебін.
У акцыі ўзяло ўдзел больш за 50 чалавек: актывісты, журналісты, а таксама байдарачнікі-турысты з Гомеля і Мінска. Сплаў праходзіў па дзвюх рэках Случ і Прыпяць, а завяршыўся ў старадаўнім горадзе рэспублікі — Тураве.
Е40 — праект суднаходнага маршруту даўжынёй больш за 2000 кіламетраў. Ён будзе праходзіць па тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Украіны. Мяркуецца, што водны шлях стане новым гандлёвым шляхам паміж партамі Балтыйскага і Чорнага мораў.