Сёлетні навучальны год з залатымі і сярэбранымі медалямі скончылі 167 адзінаццацікласнікаў. З гэтай нагоды ў Гарадскім цэнтры культуры разгарнулі чырвоную дарожку і распачалі цырымонію ўзнагароджання. Карэспандэнт Sputnik Ганна Сакалова паведамляе, што зала ледзь змясціла ўсіх жадаючых паглядзець на лепшых вучняў і вучаніц, іх незвычайныя прычоскі, бліскучыя сукенкі і строгія пінжакі.
Медалі ўручалі прадстаўнікі мясцовых органаў улады. Ад дэпутацкага корпуса слова трымаў старшыня гарсавета Іван Барадзінчык. Падзякаваўшы выпускнікам за стараннасць, ён папрасіў іх не забываць свой родны горад, праслаўляць яго ўсюды і ва ўсім.
Некаторыя з медалістаў ужо даўно гэта робяць. Выпускнік гімназіі №51 Ягор Дубовік неаднаразова станавіўся прызёрам міжнародных алімпіяд па матэматыцы. Цяпер рыхтуецца да паездкі ў Бразілію, дзе 15 ліпеня стартуе чарговы "мазгавы штурм". Ягор вырашыў паступаць у БДУ на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.
"Была прапанова паехаць у Санкт-Пецярбург, але вырашыў застацца ў Беларусі. У БДУ паступаюць сябры, і гэта таксама паўплывала на маё рашэнне. ЦТ мне здаваць не трэба. Пропуск ва ўніверсітэт без экзаменаў забяспечыла перамога на рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы", — здзіўляе Ягор выбарам ВНУ.
Пасля ўручэння медалёў выпускнікі загадалі жаданні і апусцілі запіскі з імі ў колбу. Посуд апячаталі супрацоўнікі Музея гісторыі горада і паабяцалі не ўскрываць да 2028 года.
"Ой, ды я да таго часу ўжо і не прыгадаю, што напісала" — "Прыгадаеш, адзінаццаць гадоў праляцяць, як адзін дзень", — шэпчуцца выпускніцы гімназіі №56.
Потым быў нязменны з пушкінскіх часоў вальс і фатаграфаванне ў арцы каля помніка апошняй гомельскай княгіне Ірыне Паскевіч.
Вечарам выпускнікі атрымалі ўнікальную магчымасць паказаць вячэрнія ўборы не толькі аднакласнікам, але і жыхарам Гомеля. Шэсце па галоўнай вуліцы Навабеліцкага раёна прыцягнула ўвагу некалькіх сотняў гледачоў. Дзеля параду на паўгадзіны нават перакрылі рух транспарту.
На парад выйшлі каля трохсот выпускнікоў, на працягу амаль кіламетровага шляху яны скандавалі, чыя ўстанова адукацыі лепш. Гучней за ўсіх гэта атрымалася ў выпускнікоў школы №2.
"А вунь наш Ромка ідзе. Гэта праўнук мой. Думала, міліцыянтам стане, а ён у БелДУТ сабраўся паступаць", — бойка крочыць за калонай 81-гадовая Валянціна Іванаўна Слука. Побач з пажылы жанчынай ідзе яе дачка, бабуля Рамана Данілакава.
У Аляксандра-Неўскай царкве ў добры шлях выпускнікоў блаславіў святар, пасля чаго яны разышліся адзначаць свята ў свае школы пад наглядам бацькоў і настаўнікаў.