МІНСК, 12 чэр — Sputnik. Дзень культуры Казахстана пройдзе ў Верхнім горадзе ў Мінску ў суботу 17 чэрвеня, паведамілі Sputnik у казахскай дыяспары.
Святы нацыянальных культур працягваюцца ў Мінску па суботах: ужо прайшлі дні шведскай і рускай культур.
Дзень культуры Казахстана адбудзецца на пляцоўцы каля мінскай ратушы 17 чэрвеня — пачнецца ён з майстар-класа па прыгатаванні казахскай стравы баўрсак. Акрамя таго, у Верхнім горадзе можна будзе пазнаёміцца з побытам казахаў — нават зазірнуць у сапраўдную юрту.
Госці Дня культуры Казахстана змогуць паглядзець 17 чэрвеня на нацыянальныя баі казахша курес, наведаць экспрэс-урокі казахскай мовы і майстар-клас па нацыянальных танцах. У канцы свята на сцэне ў Верхнім горадзе выступіць гурт CherMen.
Свята "Стэпавыя напевы" не абыдзецца і без пачастункаў — для гасцей мерапрыемства прыгатуюць плоў, манты, чабурэкі і мноства іншых любімых многімі беларусамі страў.
Працягнецца свята казахскай культуры з 13:00 да 18:00. Следам за ім у Верхнім горадзе пачнецца чарговы канцэрт з серыі "Джазавыя вечары".