https://bel.sputnik.by/20170613/abyarehgi-i-cacka-dlya-malechy-1029272565.html
Абярэгі і цацка для малечы
Абярэгі і цацка для малечы
Sputnik Беларусь
Звычайна цацка гэта прадмет, прызначаны для дзіцячых гульняў, але часта розныя па форме і матэрыялах выканання яны носяць не толькі забаўляльны, але і... 13.06.2017, Sputnik Беларусь
2017-06-13T17:02+0300
2017-06-13T17:02+0300
2022-04-14T15:36+0300
спадчына
у беларусі
навіны
галоўнае
культура
беларусь
лялькі
традыцыі
народныя традыцыі
цацкі
https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102927/21/1029272163_0:153:1632:1071_1920x0_80_0_0_b1bf805a81d06ca1e6573ece70fcb9ee.jpg
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.Многія хваробы ў беларусаў лічылі вынікам "сурокаў" (дурнога вока) і верылі, што сурочыць дзіця можа не толькі дрэнны, але і добры чалавек, не толькі чужы, але і свой. Каб пазбегнуць такога ўздзеяння, у народзе прытрымваліся шэрагу прыкмет, няўвага да якіх магла прывесці да пагаршэння здароўя дзіцяці і нават яго смерці. Бадай што ўсе побытавыя прадметы, звязаныя з гадаваннем дзяцей ад нараджэння, мелі не толькі практычнае, але і ахоўнае значэнне. Вось, напрыклад, цацкі.Што нам вядома пра цацкіЗ такімі цацкамі, як лялькі, бразготкі і гліняныя свістулькі, з маленства знаёмы амаль кожны беларус, і ўсе яны, аказваецца, з даўніх часоў з'яўляюцца абярэгамі. Усё пачыналася з таго, што маладой пары на вяселлі хтосьці са сваякоў дарыў ляльку. Пры гэтым зычылі: "Каб ваш ложак рыпаў, рыпаў, і да году сынок выпаў". Такую ляльку падкладвалі маладым пад падушкі падчас першай шлюбнай ночы. А далей жыццё ішло сваім шляхам. Малады майстраваў (абавязкова сваімі рукамі) для сваіх будучых дзетак калыску, а маладзіца тым часам круціла адмысловую ляльку-абярэг, якую пасля клала каля немаўляці. Лічылася, што такая лялька здольная ўвабраць у сябе шкодны ўплыў усяго негатыўнага, што, на думку сялянак, магло ўздзейнічаць на малечу.Пры гэтым, звяртаючыся да злых сіл, намаўлялі: "Не гуляй маім дзіцяткам, а гуляй гэтай лялькай". Праз год ляльку, набраўшую ў сябе "сурокі", "сполахі" і "крыксы", палілі ў печы і рабілі на бягучы год новую.Звычайна гэта была лялька-пялянашка, для вырабу якой дастаткова было мець тры-чатыры анучкі ад зношанага палатнянага адзення блізкіх сваякоў (дзеда, бабулі, бацькі, маці), якое яны насілі, калі былі здаровыя і шчаслівыя. Лічылася, што такая тканіна сама па сабе абярэг і нясе ў сабе моц роду, перадаючы такім чынам жыццёвыя сілы дзіцяці.Пялянашку нельга было купіць, паколькі іх рабілі толькі для сябе. Працавалі над абярэгам жанчыны абавязкова ўпотай і бераглі прадмет не толькі ад чужых вачэй, але і вачэй мужчын уласнага роду. Лялькі скручвалі адмысловым чынам і ні ў якім разе не сшывалі іголкай, а тканіну рвалі рукамі на патрэбныя кавалкі, не выкарыстоўваючы пры гэтым нажніцы. Рабілі ляльку на каленях за адзін дзень і ў добрым настроі. Лепшыя для гэтага дні — панядзелак, аўторак, чацвер і субота. Не можна рабіць абярэг у нядзелю і ў свята, а на кожны вузельчык трэба нашаптаць добрае слова або малітву.Прадметамі дзіцячага побыту і ў тым ліку народнымі цацкамі цікаўлюся даўно. Мо ўжо гадоў дваццаць як назапасіла некалькі клункаў рознакаляровых акрайкаў тканіны з марай пра тое, што аднойчы сяду і як у дзяцінстве буду майстраваць свае лялькі. Але пакуль гэты час яшчэ не прыспеў, пачала збіраць народныя цацкі, набываючы іх на кірмашах народных рамёстваў і ў вандраваннях па Беларусі.Майстры і цацкіПаціху назбірала невялікую калекцыю, і з гэтай нагоды сёлета мне пашанцавала двойчы: папершае, зайшоўшы ў кнігарню, набыла цікавую кнігу пра абрадавыя, абярэгавыя і гульнёвыя лялькі народнай майстрыхі Гульнары Качан. У кніжцы ёсць усё для тых, хто хоча сваімі рукамі навучыцца рабіць такія лялькі. Другі мой шанец быў у тым, што літаральна праз тыдзень змагла пазнаёміцца з самой Гульнарай на фестывалі-кірмашы, куды яна прыехала на свята з Бабруйска са сваімі лялькамі.Майстрыха — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, каля яе выставы падчас кірмашу было людна. Не пайшла з пустымі рукамі ад майстрыхі і я. У маёй калекцыі з'явілася лялька "на жаночае шчасце". Што ж, буду чакаць, калі яно пагрукае ў мае дзверы!Вандруючы па кірмашы, пабачыла цацкі і лялькі ад майстроў з розных куточкаў Беларусі. Зробленыя з розных матэрыялаў, яны ўражвалі сваёй разнастайнасцю і дасканаласцю вырабу і, што найбольш каштоўна, рэгіянальнай адметнасцю. Цяпер кожны раён, вобласць, вёска імкнуцца адрадзіць і паказаць сваё, мясцовае.Асабліва цікавілі цацкі з гліны, паколькі яны найбольш старажытныя на нашых тэрыторыях. Раннія ўзоры такіх цацак адносяцца да неаліту. На раскопках курганоў і гарадзішчаў часоў жалезнага веку знаходзілі бразготкі ў выглядзе пустацелых гліняных шарыкаў з каменчыкам унутры і фігурныя цацкі-свістулькі. Мяркуюць, што такія цацкі ў першабытныя часы былі зусім не забавай, а мелі рытуальнае прызначэнне: свіст і бразгаценне павінны былі адганяць "злых духаў".З гісторыі вырабу глінянай цацкіМасавы рамесніцкі выраб глінянай цацкі пачаўся ў сярэднявеччы разам з развіццём ганчарства. Свістулькі ў выглядзе птушак і конікаў, бразготкі знойдзены на тэрыторыі старажытнага Гродна, Ваўкавыска, Магілёва, Мсціслава і іншых гарадоў.Пазней такія фігуркі пачалі ўпрыгожваць зялёнай, карычневай, празрыстай палівай. Цікава, што выпрацаваная яшчэ ў старажытнасці форма такіх цацак захавалася ажно да пачатку ХХ стагоддзя. Звычайна іх палівалі зялёнай, карычневай, жоўтай палівай. Такія цацкі масава выраблялі практычна ва ўсіх ганчарных цэнтрах Беларусі.У сярэдзіне 1990-х у Барысаве набыла падобныя фігуркі і я. З часам такія цацкі амаль страцілі сваё абярэгавае прызначэнне, сталі выпускацца як сувенірная прадукцыя і ў абмежаванай колькасці. Іх ужо не куплялі для дзяцей, паколькі на змену цацкам з натуральных матэрыялаў прыйшлі гумовыя і пласмасавыя фабрычныя вырабы. І ўсё ж не так даўно амаль зніклая арыгінальная народная цацка паступова пачала адраджацца.Глядзіш, хтосьці і набудзе на памяць, а можа і як абярэг свістульку і бразготку, ляльку-багатуху, ляльку-зялярку, ляльку на шчасце. А калі не купляць, то можна і самому паспрабаваць зрабіць такі прывабны прадмет у інтэр'ер свайго жытла, і няхай ён не толькі цешыць вока, але і аберагае не толькі дзяцей, але і ўсіх сямейнікаў ад усялякага ліха. Было б жаданне і вера. Няхай і вас Бог бароніць ад ліха, заставайцеся здаровыя і да пабачэння.
беларусь
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
2017
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
Навіны
ru_BY
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102927/21/1029272163_0:0:1632:1224_1920x0_80_0_0_28fed320a2f30940623c9211ec420ace.jpgSputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
спадчына, у беларусі, навіны , галоўнае, культура, беларусь, лялькі, традыцыі, народныя традыцыі, цацкі
спадчына, у беларусі, навіны , галоўнае, культура, беларусь, лялькі, традыцыі, народныя традыцыі, цацкі
Абярэгі і цацка для малечы
17:02 13.06.2017 (абноўлена: 15:36 14.04.2022) Звычайна цацка гэта прадмет, прызначаны для дзіцячых гульняў, але часта розныя па форме і матэрыялах выканання яны носяць не толькі забаўляльны, але і абярэгавы характар.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Многія хваробы ў беларусаў лічылі вынікам "сурокаў" (дурнога вока) і верылі, што сурочыць дзіця можа не толькі дрэнны, але і добры чалавек, не толькі чужы, але і свой. Каб пазбегнуць такога ўздзеяння, у народзе прытрымваліся шэрагу прыкмет, няўвага да якіх магла прывесці да пагаршэння здароўя дзіцяці і нават яго смерці. Бадай што ўсе побытавыя прадметы, звязаныя з гадаваннем дзяцей ад нараджэння, мелі не толькі практычнае, але і ахоўнае значэнне. Вось, напрыклад, цацкі.
З такімі цацкамі, як лялькі, бразготкі і гліняныя свістулькі, з маленства знаёмы амаль кожны беларус, і ўсе яны, аказваецца, з даўніх часоў з'яўляюцца абярэгамі. Усё пачыналася з таго, што маладой пары на вяселлі хтосьці са сваякоў дарыў ляльку. Пры гэтым зычылі: "Каб ваш ложак рыпаў, рыпаў, і да году сынок выпаў". Такую ляльку падкладвалі маладым пад падушкі падчас першай шлюбнай ночы. А далей жыццё ішло сваім шляхам. Малады майстраваў (абавязкова сваімі рукамі) для сваіх будучых дзетак калыску, а маладзіца тым часам круціла адмысловую ляльку-абярэг, якую пасля клала каля немаўляці. Лічылася, што такая лялька здольная ўвабраць у сябе шкодны ўплыў усяго негатыўнага, што, на думку сялянак, магло ўздзейнічаць на малечу.
Пры гэтым, звяртаючыся да злых сіл, намаўлялі: "Не гуляй маім дзіцяткам, а гуляй гэтай лялькай". Праз год ляльку, набраўшую ў сябе "сурокі", "сполахі" і "крыксы", палілі ў печы і рабілі на бягучы год новую.
Звычайна гэта была лялька-пялянашка, для вырабу якой дастаткова было мець тры-чатыры анучкі ад зношанага палатнянага адзення блізкіх сваякоў (дзеда, бабулі, бацькі, маці), якое яны насілі, калі былі здаровыя і шчаслівыя. Лічылася, што такая тканіна сама па сабе абярэг і нясе ў сабе моц роду, перадаючы такім чынам жыццёвыя сілы дзіцяці.
Пялянашку нельга было купіць, паколькі іх рабілі толькі для сябе. Працавалі над абярэгам жанчыны абавязкова ўпотай і бераглі прадмет не толькі ад чужых вачэй, але і вачэй мужчын уласнага роду. Лялькі скручвалі адмысловым чынам і ні ў якім разе не сшывалі іголкай, а тканіну рвалі рукамі на патрэбныя кавалкі, не выкарыстоўваючы пры гэтым нажніцы. Рабілі ляльку на каленях за адзін дзень і ў добрым настроі. Лепшыя для гэтага дні — панядзелак, аўторак, чацвер і субота. Не можна рабіць абярэг у нядзелю і ў свята, а на кожны вузельчык трэба нашаптаць добрае слова або малітву.
Прадметамі дзіцячага побыту і ў тым ліку народнымі цацкамі цікаўлюся даўно. Мо ўжо гадоў дваццаць як назапасіла некалькі клункаў рознакаляровых акрайкаў тканіны з марай пра тое, што аднойчы сяду і як у дзяцінстве буду майстраваць свае лялькі. Але пакуль гэты час яшчэ не прыспеў, пачала збіраць народныя цацкі, набываючы іх на кірмашах народных рамёстваў і ў вандраваннях па Беларусі.
Паціху назбірала невялікую калекцыю, і з гэтай нагоды сёлета мне пашанцавала двойчы: папершае, зайшоўшы ў кнігарню, набыла цікавую кнігу пра абрадавыя, абярэгавыя і гульнёвыя лялькі народнай майстрыхі Гульнары Качан. У кніжцы ёсць усё для тых, хто хоча сваімі рукамі навучыцца рабіць такія лялькі. Другі мой шанец быў у тым, што літаральна праз тыдзень змагла пазнаёміцца з самой Гульнарай на фестывалі-кірмашы, куды яна прыехала на свята з Бабруйска са сваімі лялькамі.
Майстрыха — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, каля яе выставы падчас кірмашу было людна. Не пайшла з пустымі рукамі ад майстрыхі і я. У маёй калекцыі з'явілася лялька "на жаночае шчасце". Што ж, буду чакаць, калі яно пагрукае ў мае дзверы!
Вандруючы па кірмашы, пабачыла цацкі і лялькі ад майстроў з розных куточкаў Беларусі. Зробленыя з розных матэрыялаў, яны ўражвалі сваёй разнастайнасцю і дасканаласцю вырабу і, што найбольш каштоўна, рэгіянальнай адметнасцю. Цяпер кожны раён, вобласць, вёска імкнуцца адрадзіць і паказаць сваё, мясцовае.
Асабліва цікавілі цацкі з гліны, паколькі яны найбольш старажытныя на нашых тэрыторыях. Раннія ўзоры такіх цацак адносяцца да неаліту. На раскопках курганоў і гарадзішчаў часоў жалезнага веку знаходзілі бразготкі ў выглядзе пустацелых гліняных шарыкаў з каменчыкам унутры і фігурныя цацкі-свістулькі. Мяркуюць, што такія цацкі ў першабытныя часы былі зусім не забавай, а мелі рытуальнае прызначэнне: свіст і бразгаценне павінны былі адганяць "злых духаў".
З гісторыі вырабу глінянай цацкі
Масавы рамесніцкі выраб глінянай цацкі пачаўся ў сярэднявеччы разам з развіццём ганчарства. Свістулькі ў выглядзе птушак і конікаў, бразготкі знойдзены на тэрыторыі старажытнага Гродна, Ваўкавыска, Магілёва, Мсціслава і іншых гарадоў.
Пазней такія фігуркі пачалі ўпрыгожваць зялёнай, карычневай, празрыстай палівай. Цікава, што выпрацаваная яшчэ ў старажытнасці форма такіх цацак захавалася ажно да пачатку ХХ стагоддзя. Звычайна іх палівалі зялёнай, карычневай, жоўтай палівай. Такія цацкі масава выраблялі практычна ва ўсіх ганчарных цэнтрах Беларусі.
У сярэдзіне 1990-х у Барысаве набыла падобныя фігуркі і я. З часам такія цацкі амаль страцілі сваё абярэгавае прызначэнне, сталі выпускацца як сувенірная прадукцыя і ў абмежаванай колькасці. Іх ужо не куплялі для дзяцей, паколькі на змену цацкам з натуральных матэрыялаў прыйшлі гумовыя і пласмасавыя фабрычныя вырабы. І ўсё ж не так даўно амаль зніклая арыгінальная народная цацка паступова пачала адраджацца.
Глядзіш, хтосьці і набудзе на памяць, а можа і як абярэг свістульку і бразготку, ляльку-багатуху, ляльку-зялярку, ляльку на шчасце. А калі не купляць, то можна і самому паспрабаваць зрабіць такі прывабны прадмет у інтэр'ер свайго жытла, і няхай ён не толькі цешыць вока, але і аберагае не толькі дзяцей, але і ўсіх сямейнікаў ад усялякага ліха. Было б жаданне і вера. Няхай і вас Бог бароніць ад ліха, заставайцеся здаровыя і да пабачэння.