МІНСК, 14 чэр — Sputnik. "Джазавыя вечары з Банкам БелВЭБ" запрашаюць беларускіх джазавых музыкаў узяць удзел у вялікім джэм-сэйшане, расавялі арганізатары фестывалю.
Акцыя адбудзецца ў межах заключнага канцэрта фестывалю на сцэне каля Ратушы ў суботу 24 чэрвеня.
"Джаз — гэта, найперш, імправізацыя. Таму мы жадаем завершыць фестываль вялікім джэмам, у якім сыграюць джазавыя музыкі з розных куткоў Беларусі", — распавёў музычны прадзюсар фестывалю Андрэй Каліна.
Заяўка павінна змяшчаць:
- імя, прозвішча выканаўцы і назву інструмента;
- спасылку на відэа- ці аўдыёзапіс з вашым удзелам;
- кантактны тэлефон.
Заяўкі на ўдзел неабходна адпраўляць да 19 чэрвеня ўключна на адрас belvebjazz@gmail.com.
Новы сезон "Джазавых вечароў з Банкам БелВЭБ" стартаваў 10 чэрвеня з аншлагу. Для гледачоў выступілі 7-гадовая Сафія Курловіч, VIP-jazz Андрэя Славінскага, дуэт Agata, Харысан Янг (ЗША-Нідэрланды), Скот Хэндэрсан (ЗША).
Наступны канцэрт адбудзецца 17 чэрвеня. Хэдлайнерам вечара будзе бас-гітарыст Крысціян Галвез (Чылі) — лепшы джазавы выканаўца Лацінскай Амерыкі 2000 і 2004, намінант American Music Awards 2005. Ён выступіць з трубачом Крысціянам Куцюруфо (Чылі) і бубначом Назарам Рэджэпавым (Туркменістан). Таксама гледачоў чакае сустрэча з канцэртным аркестрам Барыса Мягкова і "Трыа Канстанціна Гарачага".
24 чэрвеня музычную эстафету падхопіць Кліўленд Джонс (ЗША) — спявак, кампазітар, які выконвае сімбіёз госпелу, рытм-энд-блюзу, фанку і традыцыйнага джазу, уладальнік бязмежных вакальных магчымасцяў і тытулу "Адкрыццё году" ад аўтарытэтнага сайта SoulTracks.com. Таксама выступяць: кампазітар, гітарыст, лютніст і спявак Набіль Хэмір (Туніс), вакальны квартэт Minsk Voices, Premier Orchestra.
Пачатак усіх канцэртаў а 20-й гадзіне, уваход вольны.