МІНСК, 14 чэр — Sputnik. Кол-цэнтры з'явяцца ў паліклініках Мінска, распавёў журналістам у сераду кіраўнік камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Сяргей Малышка.
Зараз мэрыя разглядае магчымасць стварэння як call-цэнтраў з аўтаматычнай сістэмай дазвону, так і цэнтраў прафілактыкі захворванняў. Аднак пакуль гэта ўсё — толькі планы.
"Мы маем намер удасканаліць працу рэгістратур, разглядаем магчымасць навучання спецыялістаў і закупкі спецыяльнага абсталявання, якое дазваляе ўпарадкаваць званкі", — распавёў кіраўнік камітэта аховы здароўя.
Са слоў чыноўніка, колькасць званкоў і якасць адказу на іх будзе адсочвацца для наступнага прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, а самім рэгістратарам правядуць трэнінгі па стасунках з пацыентамі.
Калі з'явяцца кол-цэнтры ў паліклініках Мінска — пакуль не вядома: для гэтага камітэт пасля вывучэння ўсіх нюансаў будзе запытваць вылучэнне дадатковых фінансавых сродкаў.