МІНСК, 16 чэр — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў пятніцу правядзе працоўную паездку ў Хойніцкі раён Гомельскай вобласці, падчас якой наведае Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, паведамілі Sputnik у прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Там адзначылі, што падчас паездкі прэзідэнт вывучыць інфармацыю аб радыёлагічнай абстаноўцы ў рэгіёне, экалагічных працэсах, якія адбываюцца ў запаведніку, і яго працы па мінімізацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Гутарка таксама пойдзе пра вынікі эксперыментальна-гаспадарчай дзейнасці запаведніка і перспектывы яго развіцця. Асобную ўвагу прэзідэнт надасць пытанням сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну, хаду сельскагаспадарчых работ і нарыхтоўкі кармоў.
"Лукашэнка азнаёміцца з узорамі прадукцыі, што вырабляецца ў запаведніку. Ён, у прыватнасці, наведае пчальнік, дзе ва ўмовах радыёактыўнага забруджвання зямель атрымліваюць нарматыўна-чысты мёд. У праграме наведвання таксама каняферма, дзе займаюцца развядзеннем і гадоўляй племянных коней", — распавялі ў прэс-службе.
Чакаецца, што прэзідэнт таксама наведае навуковы цэнтр запаведніка, азнаёміцца з арганізацыяй лабараторнага аналізу і кантролю радыелагічнай абстаноўкі, агледзіць музей гісторыі запаведніка.