МІНСК, 16 чэр — Sputnik. Беларускія сіноптыкі абяцаюць у суботу няўстойлівае надвор'е з ліўнямі і навальніцамі ў асобных раёнах краіны. У нядзелю надвор'е палепшыцца, паведаміў Sputnik начальнік службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
З яго слоў, у суботу ўмовы надвор'я па паўночна-заходняй палове Беларусі будзе вызначаць франтальны раздзел, дзе пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах — навальніцы і моцныя дажджы.
"На астатняй тэрыторыі захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску і пераважна без ападкаў. Раніцай па паўночным усходзе месцамі слабы туман. Тэмпература ноччу +7..+12°С, па поўдні да +14°С; днём +19..+24°С, у заходніх раёнах +15..+18°С, магчымы дажджы", — распавёў Рабаў.
Як паведаміў сіноптык, у Мінску ў суботу будзе пераменная воблачнасць, без істотных ападкаў. "Верагоднасць дажджу вельмі малая — 5-10%. Вецер пераменных напрамкаў 5-10 м/с. Тэмпература ноччу +10..+12°С, днём +21..+23°С", — дадаў суразмоўца агенцтва.
Паводле слоў Рабава, у нядзелю надвор'е палепшыцца і па паўднёва-заходніх раёнах. У краіне будзе панаваць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай у асобных раёнах краіны слабы туман. Тэмпература паветра ўначы +6..+13°С, днём +21..+27°С.
У Мінску ў нядзелю будзе пераменная воблачнасць, без ападкаў. Вецер пераменных напрамкаў 5-10 м/с. Тэмпература паветра мінімальная ноччу каля +10°С, максімальная днём +23..+25°С
"На пачатку тыдня на пераважнай частцы тэрыторыі краіны захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску. Пераважна без ападкаў, толькі днём па паўночным усходзе краіны — кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы. Тэмпература ноччу +9..+15°С, днём +22..+28°С", — дадаў ён.
Галоўны метэаролаг краіны таксама распавёў, што на пачатку тыдня ў Мінску будзе горача: максімальныя тэмпературы будуць дасягаць +25..+27°С. "Паводле папярэдняга прагнозу, у сярэдзіне наступнага тыдня зноў пахаладае, але не надоўга", — сказаў на заканчэнне ён.