ГРОДНА, 16 чэр — Sputnik. Любавацца на стары Гродна і дахі домікаў у цэнтры хутка змогуць жыхары і турысты абласнога цэнтра. Праз два месяцы на даху былога ўнівермага адкрыецца аглядная пляцоўка для шпацыру і адпачынку.
Будынак былога гарадскога ўнівермага (цяпер гэта гандлёвы дом "Нёман") знаходзіцца ў цэнтры горада, на пешаходнай вуліцы Савецкай. Менавіта яго дах стане першай афіцыйнай назіральнай пляцоўкай у Гродне, якая будзе размяшчацца на вышыні каля 20 метраў. Адсюль можна ўбачыць цэнтр горада пад незвычайным ракурсам.
Напрыклад, можна паглядзець на чырвоныя дахі старых хатак, убачыць некаторыя гарадзенскія храмы, стадыён, тэлевышкі.
"Задумка з'явілася гадоў пяць таму. Тады вырашылі, што краявідамі, якія адкрываюцца з нашага даху, павінен любавацца кожны жадаючы", — распавёў дырэктар гандлёвага дома "Нёман" Аляксей Яўлаш.
Сярод беларускіх аглядных пляцовак, размешчаных на дахах, гродзенская стане самай вялікай у краіне. Для яе ўладальнік вылучыў 800 квадратных метраў. Для параўнання, гэта крыху больш, чым плошча стандартнага дачнага ўчастка. У цэнтры размесціцца кафэ, а астатняя тэрыторыя стане месцам прагулак і сэлфі.
Для бяспекі наведвальнікаў па перыметру пляцоўцы ўсталююць ахоўныя шкляныя бар'еры. А пакуль тут пачынаюць збіраць будучае кафэ. Яно размесціцца на подыуме вышынёй прыкладна паўметра.
Патрапіць на аглядную пляцоўку можна будзе на аглядным ліфце. Цяпер побач з цэнтральным уваходам у гандлёвы цэнтр мантуецца шахта, зусім хутка прыедзе і сам ліфт змяшчальнасцю 14 чалавек. Абсталяванне вязуць з Грэцыі.
Аглядная пляцоўка павінна адкрыцца бліжэй да канца жніўня. Да гэтага часу пачне працаваць і ліфт, і новае кафэ. Вядома, што ўваход на дах будзе вольным.