МІНСК, 24 чэр — Sputnik. Інспектары службы бяспекі заменяць у метро жанчын-кантралёраў прыкладна да сярэдзіны 2018 года, перадае агенцтва "Минск-Новости" са спасылкай на прэс-службу Мінскага метрапалітэна.
Абавязкі кантралёраў перадаюць інспектарам СБ ужо зараз — на некаторых станцыях у якасці эксперыменту жанчын на кантрольных пунктах ужо замянілі мужчыны ва ўніформе.
Са слоў прэс-сакратара метрапалітэна Андрэя Кузьміна, эксперымент пачаўся са станцый, якія лічацца найменш загружанымі — "Купалаўскай" і "Першамайскай". На сённяшні дзень супрацоўнікі СБ дзяжураць па двое амаль на ўсіх станцыях другой лініі, акрамя "Каменнай Горкі", "Кунцаўшчыны" і "Маладзёжнай".
На "сіняй" галіне ратацыя кадраў пачнецца ў другой палове 2017-га, і гэта зойме каля года.