БРЭСТ, 26 чэр — Sputnik. На свяце "Лунінецкія клубніцы" кожны сельсавет Лунінецкага раёна прадстаўляе сваё падвор'е, галоўнае ўпрыгожванне якога — клубніцы.
Фестываль пачаўся ў нядзелю не з раніцы, як звычайна бывае на мерапрыемствах такога кшталту, а толькі ў дзве гадзіны дня. Для гасцей свята гэткі старт досыць зручны. Той, хто хацеў дабрацца ў Дварэц з абласнога цэнтра, як раз паспеў у вёску да пачатку.
На пляцоўцы ля сельскага Дома культуры наведвальнікаў сустракаў "Горад майстроў". Трохі глыбей размясцілася сцэна, а за ёй — падворкі.
Клубніцы ў Лунінецкім раёне вырошчвае, мабыць, кожны. Але лідэрам у яе вытворчасці лічыцца вёска Дварэц. Да таго ж, тут знаходзіцца аптовы рынак, куды сцякаецца ягада з усіх навакольных вёсак.
Да пачатку раённага свята мясцовых было няшмат — у іх кіпіць праца. Па акрузе ў гэты час сустракаюцца шматлікія бабулі на роварах, якія вязуць на продаж поўныя вёдры клубніц.
Усё — з клубніц
Свае падворкі прадставілі 12 сельскіх саветаў Лунінецкага раёна. Кожны пастараўся чымсьці здзівіць. Вулькаўскі цэнтр культуры і народнай творчасці, напрыклад, зладзіў для гасцей клубнічнае кафэ, у якім можна было пакаштаваць сокі з ягады, якая расце на Палессі.
"Мы ўсё зрабілі сваімі рукамі. Падушкі з арнаментам, ляльку… Яшчэ цэлае клубнічнае кафэ ў нас: сокі, варэнне, тарты, пірагі. Самі ўсё прыдумалі. Кожны год займаем першыя месцы, спадзяемся, што і ў гэтым годзе зоймем. Але мы працуем не дзеля месцаў, а дзеля свайго задавальнення. Таму што мы любім сваю працу. Мы людзі творчыя, і працуем не дзеля славы, а дзеля свайго творчага ўздыму", — распавяла дырэктар цэнтра Вольга Мелюх.
Усе дэкарацыі былі зробленыя ўручную супрацоўнікамі цэнтра, у тым ліку і фотазона з велізарным тортам, які прыцягваў наведвальнікаў.
Кожны сельсавет лічыць, што яго клубніцы самыя смачныя. Гэтая ўпэўненасць дапамагае займаць прызавыя месцы на фестывалі. Спецыяльная камісія ацэньвала стравы, прыгатаваныя майстрамі, і выбірала лепшае падвор'е.
Работнікі Бастынскага сельскага савета сустракалі гасцей у клубнічных хвартушках. У гэтай мясцовасці расце каля дзесяці гатункаў чырвонай ягады: "Фларэнцыя", "Польская" цёмная і светлая, "Месяц", "Кімберлі", "Дукат" і іншыя.
"У кожнага розныя гатункі. Клубніцы адрозніваюцца тым, што ў кожным населеным пункце розная глеба, розны рэльеф мясцовасці, розная вільготнасць, вятры. Таму ў кожным месцы густ клубніц, нават калі гэта аднолькавы гатунак, адрозніваецца. Але ў Бастыні, вядома, самыя смачныя", — упэўнена дырэктар Бастынскага дома культуры Вольга Коваль.
Клубнічны рай
Госці на "Лунінецкія клубніцы" прыязджаюць з усёй Беларусі. Муж і жонка Таццяна і Іван жывуць у вёсцы Любань Лунінецкага раёна. Яны ездзяць сюды ўжо не першы год па практычных меркаваннях.
"Мы самі вырошчваем клубніцы і прадаем. Сюды прыехалі паглядзець на розныя гатункі клубніц, каб сабе такія купіць і потым прадаваць. Зараз вырошчваем "Дукат". Вунь, якія прыгожыя "Хані" новыя, "Кімберлі". Думаем такія вырошчваць", — падзялілася сям'я.
Ганна разам з яе маладым чалавекам падарожнічаюць па Брэсцкай вобласці. Сюды мінчан прывяла цікавасць.
"Даўно чулі, што праходзіць гэты фестываль. Выхадныя вольныя, вырашылі выбрацца і правесці іх тут. Мы проста вельмі любім клубніцы, і нам цікава ўсё, што з імі звязана", — распавялі маладыя людзі.
Выставай падворкаў праграма свята не абмяжоўвалася. Парад, тэатр моды і канцэрт — усё з клубнічным акцэнтам. Завяршыўся фестываль вячэрняй дыскатэкай.