ГРОДНА, 27 чэр — Sputnik, Валерыя Салаўёва. Паказаць, што ў Беларусі заўсёды было сваё элітнае саслоўе, а не толькі польскія паны, вырашыў расійскі бізнэсмэн Павел Падкарытаў — ён выкупіў старадаўнюю сядзібу ў вёсцы Падароск пад Ваўкавыскам, каб адкрыць тут музей беларускай шляхты.
Чатыры гады таму абяцанні новага ўладальніка здаваліся фантастычнымі, цяпер — больш чым рэальнымі. Праз паўгода сядзібны комплекс пачне прымаць першых наведвальнікаў.
Музей шляхты адкрыецца праз тры гады
У сядзібе Падароск з раніцы да вечара кіпіць работа. Высокія калоны ўваходнай брамы абнесеныя будаўнічымі лясамі, на тэрыторыі прыемна пахне свежымі дошкамі, руіны былой стайні пакрытыя сеткай, а сярод іх пачалі ўсталёўваць металічны каркас. Панскі дом пакуль стаіць з забітымі вокнамі.
Менавіта ў ім, па задумцы цяперашняга гаспадара, павінен размясціцца музей беларускай шляхты. Старадаўні маёнтак ён купіў чатыры гады таму.
Аказалася, што ўсё ідзе хоць і вельмі павольна, але паводле плана. Праект рэканструкцыі падзялілі на тры этапы. Да канца года скончаць аднаўляць старую кузню і руіны былой стайні. У будынку кузні адкрыецца сувенірная крама, а на месцы стайні — кафэ. Пра гэта распавёў дырэктар унітарнага прадпрыемства "маёнтак Падароск" і правая рука заснавальніка Андрэй Колас. Бо сам Павел Падкарытаў бывае ў Падароску ўсяго некалькі разоў на год.
У наступным годзе возьмуцца за домік цівуна, у якім з'явіцца гасцініца на 28 месцаў. І толькі потым пачнуць аднаўляць галоўны будынак сядзібы і тэрыторыю парка.
Аб дакладных тэрмінах гаварыць ніхто не бярэцца. Папярэдняя дата заканчэння ўсіх трох этапаў, у тым ліку музея, — 2020 год.
На сядзібу выдаткуюць ад 3 да 5 мільёнаў долараў
"Можна было даўно ўсё зрабіць. Але вялікага жадання і грошай недастаткова. У маёнтку кожны будынак — гэта гісторыка-культурная каштоўнасць другой катэгорыі. Узгадненне кожнага праекта доўжыцца па паўгода, любой змены ў праекце — яшчэ столькі ж. Трэба ўзгадняць з Мінкультуры кожны ўбіты цвік, кожны колер цэглы або бруска", — суразмоўца агенцтва тлумачыць, чаму работы ідуць так павольна.
Ён успомніў, як аднойчы прыйшлося везці ў Міністэрства культуры бервяно, каб спецыялісты зацвердзілі патрэбнае адценне столевых перакрыццяў.
Зараз у праект разам з купляй укладзена прыкладна 500 тысяч долараў, да канца года гэтая лічба наблізіцца да мільёна. На гэтыя сродкі распрацаваны эскізныя праекты сядзібы, будаўнічыя праекты кафэ, сувенірнай крамы і гасцініцы. А таксама зроблена шмат нябачных работ — напрыклад, падвядзенне вады і электрычнасці.
Кафэ пад крылом Боінга
Толькі цяпер сталі прыкметныя вынікі. Напрыклад, усярэдзіне будынка будучай сувенірнай крамы ўсталяваны металічны каркас, на якім будзе трымацца дах. Бо старыя сцены з чырвонай цэглы вельмі далікатныя, яны будуць выконваць ролю масіўнага вонкавага дэкору.
Усярэдзіне металічны каркас аздобяць сучаснымі матэрыяламі. Будаўнікі жартуюць, што гэта будзе домік у хатцы. А ўжо сур'ёзна дадаюць: "Мы так максімальна захаваем і абаронім старадаўні будынак".
Па тым жа прынцыпе ідзе рэстаўрацыя былой стайні. Да нашых дзён захаваліся толькі бездапаможныя абломкі сцен. Самі руіны ўмацуюць і абароняць ад далейшага разбурэння. Усярэдзіне з'явіцца кафэ. Вакол — тэраса. Усе гэтыя будынкі будуць хавацца пад велізарным 80-мятровым дахам, які ў сядзібе жартам называюць крылом ад Боінга.
Не ўсе беларусы хадзілі ў лапцях
"Музей будзе як дыямент у пярсцёнку. Вырашылі адраджаць сядзібу з малога. На тэрыторыі чатыры будынкі. Без вопыту адразу брацца за вялікі аб'ект не сталі", — распавядае пра планы Колас.
Цікавімся, чаму менавіта музей беларускай шляхты? Як растлумачыў суразмоўца, гэтая ідэя з самага пачатку належала ўладальніку. У Паўла беларускія карані, апошнія гады ён цікавіцца гісторыяй, культурай краіны, вывучыў беларускую мову. Ён даўно заўважыў прабел у гістарычных дакументах: народ ёсць, беларусы ёсць, а пра вышэйшае саслоўе практычна не згадваецца.
"Хоць не можа існаваць народа без яго эліты. Калі была такая дзяржава, як Вялікае Княства Літоўскае, то эліта павінна быць. Не могуць жа ўсе ў лапцях хадзіць. Хтосьці павінен камандаваць, кіраваць", — рэзюмуе Колас.
Якім будзе гэты музей, яшчэ дакладна не вядома. Цяпер пачаўся збор экспанатаў. Вядома, што ў экспазіцыю ўвойдуць некалькі купюр з "Пагоняй" як узор першых беларускіх грошай, некаторыя прадметы інтэр'еру і мэбля з сядзібаў.
Маёнтку 500 гадоў
Старадаўні маёнтак павінен стаць узорам шляхецкай сядзібы. Ён быў заснаваны больш за 500 гадоў таму і за гэты час змяніў каля дзясятка ўладальнікаў. Цяперашняя забудова датуецца пачаткам XIX стагоддзя. Ёсць легенда, што ў адным з памяшканняў сядзібы на некалькі дзён спыняўся Напалеон. Апошні ўладальнік маёнтка — Ота Бохвіц. Перад Другой сусветнай пана расстралялі прадстаўнікі савецкай улады, а сядзіба перайшла дзяржаве.
У панскім доме была школа, затым — калгасная кантора. Домік цівуна аддалі пад малочную нарыхтоўчую кантору, затым пераабсталявалі пад жылы дом. Калі будынкі прыйшлі ў аварыйны стан, усе з'ехалі, а сядзіба амаль 20 гадоў пуставала. Паступова ўсё, што можа спатрэбіцца ў асабістай гаспадарцы, расцягвалі мясцовыя жыхары.
Не менш цікавы велізарны парк на тэрыторыі былога маёнтка. На жаль, ён не захаваў структуру класічнага сядзібнага парка. Большасць дрэў былі пасаджаны пасля вайны.
Як адзначыў дырэктар маёнтка, у парку можна ўбачыць 13 відаў даволі рэдкіх дрэў. Напрыклад, явар, ліпу амерыканскую, карэльскія чорныя бярозы, лістоўніцу, акацыю, якая лічылася прыкметай "панства" і якая расла ў кожнай паважаючай сябе шляхецкай сядзібе.
Турыстаў пакінуць на тыдзень
Ужо цяпер уладальнік думае, як прыцягваць у Падароск турыстаў. Увосень па суседстве адкрыецца аграсядзіба, якая стане часткай турыстычна-рэкрэацыйнага комплексу "маёнтак Падароск". У верасні на тэрыторыі старажытнага маёнтка пройдуць раённыя дажынкі.
У больш аддаленых планах — стварыць турыстычны кластар, які аб'яднае цікавыя для турыстаў аб'екты на адлегласці 20-40 кіламетраў ад Падароска. Кампанія Паўла Падкарытнага ўжо выкупляе стары бровар і сінагогу ў двух суседніх вёсках Верасіно і Ізабелін.
"Тады зможам паказаць не толькі музей шляхты, але і зладзіць дэгустацыю піва ў бровары, зладзіць паездку па ўсім раёне, прыцягваць турыста не на дзень ці два, а як мінімум на тыдзень", — растлумачыў суразмоўца.
Навошта музею падушка
"У нас не стаіць задача зрабіць вельмі хутка, каб пачынаць атрымліваць прыбытак. Усе разумеюць, што Падароск — гэта роўнааддаленая ад Брэста і ад Гродна вёска, якая знаходзіцца на мяжы Белавежскай пушчы", — разважае Колас.
Яны разумеюць, што акупіць укладзеныя ў яго грошы праект зможа гадоў праз 50, не раней. І ставяць перад сабой мэту, каб гэты праект у комплексе пачаў працаваць, а сам музей пасля адкрыцця не патрабаваў вонкавых датацый. Бо музеі ва ўсім свеце рэдка прыносяць прыбытак.
"Цяпер мы ствараем эканамічную платформу, "падушку бяспекі" для будучага музея, — кажа суразмоўца. — Гатэль, кафэ, сувенірная крама і аграсядзіба будуць прыносіць прыбытак, каб на гэтыя грошы ўтрымліваць экспазіцыю".