МІНСК, 27 чэр — Sputnik. Беларусь выйдзе з-пад эканамічных санкцый Канады з 12 ліпеня, гаворыцца ў паведамленні на сайце ўрада гэтай краіны.
Эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі былі ўведзеныя ў снежні 2006 года, бо ўрад Канады лічыў, што ў рэспубліцы парушаюцца правы чалавека. Санкцыі заключаліся ва ўключэнні Беларусі ў спіс краін, для экспарту ў якія неабходны дазвол міністэрства замежных спраў і міжнароднага гандлю Канады. Зараз, акрамя Беларусі, у гэтым спісе знаходзіцца толькі Паўночная Карэя.
"Працэдура зняцця з Беларусі эканамічных санкцый, якая была пачата больш за год таму, будзе завершана 12 ліпеня", — гаворыцца ў паведамленні.
У маі 2016 года МЗС Канады заявіў аб хуткай адмене санкцый "у адказ на нядаўнія пазітыўныя падзеі ў Беларусі". Пад такімі падзеямі канадскія ўлады разумелі міратворчыя намаганні Мінска ва ўрэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны, правядзенне выбараў прэзідэнта ў 2015 годзе, якія прайшлі без "гвалту і запалохвання", а таксама вызваленне прадстаўнікоў апазіцыі — так званых "палітвязняў".
"Гэтае рашэнне ўзгадняецца з мерамі, якія былі прынятыя ЗША і Еўрасаюзам у кастрычніку 2015 года", — гаварылася ў паведамленні МЗС Канады.
Як раней паведамляў Sputnik, тады ЕС і ЗША былі прынятыя рашэнні аб часовым прыпыненні дзеяння санкцый у дачыненні да Беларусі.
Да нядаўняга часу Канаду ў Беларусі прадстаўляў часовы павераны. У снежні 2016 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы амбасадара Канады ў Беларусі Стывена дэ Бора.