МІНСК, 27 чэр — Sputnik. Прэм'ер міністр Саўлюс Скверняліс заявіў, што ўлады могуць абвясціць рэжым надзвычайнай сітуацыі з-за апоўзня на гары Гедыміна, паведамляе Sputnik Літва.
Магчыма, такім чынам, лічыць Скверняліс, можна будзе ў тэрміновым парадку выдзеліць фінансаванне на аднаўленчыя работы.
"Відаць, мы будзем вымушаныя аб'явіць надзвычайную сітуацыю для таго, каб знайсці дадатковыя крыніцы фінансавання", — сказаў Скверняліс журналістам.
Паводле яго слоў, пагроза разбурэння для гары вялікая, таму прадугледжваецца падрыхтоўка комплекснай стратэгіі.
"Дадатковае фінансаванне плануецца вылучыць на працягу гэтага года. Аб'ява надзвычайнай сітуацыі дазволіць выдаткаваць грошы са спецфондаў", — дадаў ён.
Раней прэм'ер-міністр заявіў журналістам, што на рамонт і выратаванне гары "спатрэбіцца дадаткова знайсці пяць мільёнаў еўра".
У той жа час Нацыянальны музей Літвы раней паведаміў, што работы па аднаўленні гары Гедыміна, якая разбураецца, правядзе кампанія Rekreacinė statyba, з бюджэту на іх выдзеляць 2,8 мільёна еўра.
Сам міністр наведаў гару Гедыміна ў мінулы аўторак разам з міністрам аховы навакольнага асяроддзя Кястуцісам Навіцкасам і міністрам культуры Ліянай Руокітэ-Йонсан з мэтай правесці інспекцыю разбурэння ўзгорка.
Апоўзні на гары Гедыміна
У мінулым годзе катаклізмы выклікалі дэфармацыю гары, на якой размешчаны замкавы комплекс. З паўночнай частцы схілу сышоў першы вялікі апоўзень, плошча якога працягвае пашырацца.
Напярэдадні леташніх Калядаў з процілеглага — паўднёвага боку гары сышоў яшчэ адзін апоўзень і яшчэ больш пагоршыў сітуацыю.
Апошні апоўзень здарыўся на гары ў канцы лютага і агаліў не толькі земляныя пласты, але і апорныя канструкцыі, якімі спрабавалі ўмацаваць ўзгорак яшчэ ў сярэднія вякі, калі ўзводзіўся замкавы комплекс.
У цяперашні час на рэканструкцыю гары Гедыміна выдзелена 800 тысяч еўра.