МІНСК, 28 чэр — Sputnik. Беларускія карыстальнікі сацыяльных сетак абмяркоўваюць у інтэрнэце білборды з "камсамольскімі" ўзорамі, устаноўленыя ў Мінску да Дня вышыванкі.
Дзень вышыванкі ў Мінску пройдзе 2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці. Галоўныя мерапрыемствы свята, адным з арганізатараў якога з'яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, адбудуцца на пляцоўцы каля сталічнага Палаца спорту — там запланаваны выстава-продаж вырабаў народных майстроў і арт-парад моладзі.
Перад святам у Мінску з'явіліся білборды з нацыянальным беларускім узорам "маладосць", выкананым у чырвона-зялёных танах — колерах дзяржаўнага сцяга Беларусі. Карыстальнікі сацыяльных сетак ужо раскрытыкавалі такое каляровае рашэнне ўзору, назваўшы вышыванку на білбордах "камсамольскай" у стылі "вырві вока".
"Камсамольская вышыванка. Выкралі чужую ідэю, таму што на іншае не здольныя", — напісала адна з карыстальніц у Facebook.
Пры гэтым некаторыя беларусы жартуюць, што на білбордзе намаляваная "мусульманская вышыванка", якая выдатна падышла б жыхарам краін Сярэдняга Усходу.
"Такое спалучэнне колераў для беларускага нацыянальнага ўзору нехарактэрна", — распавялі Sputnik спецыялісты-этнографы.
Суразмоўцы агенцтва таксама ўдакладнілі, што жорсткіх канонаў для вышыванак у Беларусі няма, але ёсць сталыя традыцыі — выкарыстоўваць у асноўным чырвоны і белы колеры, у асобных выпадках — з элементамі чорнага і сіняга.
"Узоры чырвонымі і зялёнымі ніткамі маглі вышываць хіба што на абрусах, але такое сустракаецца вельмі рэдка", — заключылі спецыялісты.
У нядзелю 25 чэрвеня ў МЗС Беларусі прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню вышыванкі: у цэнтры Мінска для замежных паслоў разгарнулі кірмаш нацыянальных сувеніраў і асобную палатку з вышыванкамі, а дыпламатаў прывітаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, які з такой нагоды апрануў льняную кашулю з вышытым сінім нацыянальным узорам.